Аўтара «Новага Часу», журналіста Дзяніса Івашына этапавалі ў магілёўскую калонію

Палітвязня адправілі ў папраўчую калонію №15 горада Магілёва. Пра гэта даведалася яго маці Людміла Івашына падчас званка начальніку гродзенскай турмы Паўлу Казакову.

denis_ivashin_zhurnalist_1.jpg


Журналіст-расследавальнік Дзяніс Івашын быў затрыманы пасля публікацыі чарговай часткі расследавання пра былых беркутаўцаў, якія працавалі ў мінскім АМАПе.

Дзяніс супрацоўнічаў як валанцёр з камандай расследавальнікаў «InformNapalm», якая пісала пра ўплыў Расіі на Беларусь, Сірыю, Украіну і іншыя краіны. Таксама Івашын працаваў у «Новым Часе», вядомы публікацыямі пра рэстаран «Поедем поедим», пабудаваны побач з месцам масавых расстрэлаў беларусаў у Курапатах.


Дзяніса Івашына абвінавацілі ва «ўмяшанні ў дзейнасць міліцыянераў» і ў «здрадзе дзяржаве». Суддзя Гродзенскага абласнога суда Валерый Раманоўскі прысудзіў палітзняволенаму 13 гадоў і 1 месяц пазбаўлення волі, а таксама штраф у памеры 150 базавых велічынь.

Вярхоўны суд 20 снежня разгледзеў апеляцыйную скаргу палітзняволенага журналіста, аўтара «Новага Часу» Дзяніса Івашына. Прысуд пакінулі без змен, а скаргу без задавальнення.