Як «Слоўнік крывіцкай мовы» стаў «Слоўнікам беларускай гаворкі»

Яго галоўная праца стала настольнай кнігай паэта Максіма Багдановіча, які вывучаў па ёй родную мову. Гэта быў «Слоўнік беларускай гаворкі», у першапачатковым варыянце — «Слоўнік крывіцкай мовы». Яго аўтарам быў Іван Насовіч.

cff592a6_3d22_46d1_8db4_57a0f0f750ca_mw800_s.jpg

«Аўцу стрыгуць, а ты, баран, дзівіся»

Іван Іванавіч Насовіч нарадзіўся 26 верасня (7 кастрычніка) 1788 года ў сям’і святара ў вёсцы Гразівец Быхаўскага павета (сёння — Чавускі раён Магілёўскай вобласці). Прайшлі паўтара дзесяцігоддзі, як гэтыя землі колішняй Рэчы Паспалітай захапіла Расійская імперыя, і малады чалавек, па заўвазе паэта Ніла Гілевіча, гартаваўся ўжо як «глыбока перакананы, заўзяты вернападданы расійскага цара і Айчыны».

Сапраўдным прыкладам для яго быў бацька Іван Рыгоравіч, які з пяці гадоў вучыў сына чытаць і выкладаў яму акрамя рускай яшчэ і лацінскую мову. Часам Іван выводзіў бацьку з цярпення сваёй непакораю, і ў такім разе атрымоўваў па тры ўдары. Пры гэтым пакаранне бацька заўсёды рабіў прыкладам для іншых малодшых дзяцей, ды пачынаў яго беларускай прыказкай: «Аўцу стрыгуць, а ты, баран, дзівіся».

Па заканчэнні Магілёўскай гімназіі і духоўнай семінарыі Іван Насовіч абраў адрозны ад бацькаўскага шлях — замест прыняцця духоўнага сану стаў настаўнікам.

ivan_nasovicz.jpg


Падчас вайны з Напалеонам Іван Насовіч працаваў у духоўнай семінарыі ў Оршы. У 1813 годзе яго запрасілі ў Мсціслаўскую духоўную семінарыю, дзе малады настаўнік не толькі паспяхова працаваў, але, як і раней у Оршы, арганізаваў хор з мясцовых вучняў. Музыкай ён захапляўся з маленства, навучыўшыся добра граць на скрыпцы. У 1818 годзе, маючы 30 гадоў, Насовіч узначаліў Мсціслаўскую семінарыю.

Але ў 1822 годзе, пасля 10 гадоў працы ў духоўных вучэльнях, ён перайшоў на службу ў Міністэрства народнай асветы, дзе заробкі былі значна вышэйшыя. Гэты пераход быў вымушаны, паколькі на той час у Івана Насовіча ўжо было чацвёра дзяцей. 10 гадоў ён працаваў у Дынабургскай гімназіі. Затым былі гімназіі ў Маладзечне і Свянцянах.

npb_logo.jpg


Вяршкі і звальненне

У 1843 годзе, пасля больш як трыццаці гадоў бездакорнай службы, адзначанай ордэнам св. Станіслава ІІІ ступені, Іван Насовіч пайшоў у адстаўку. Наконт абставінаў гэтай справы ён узгадваў: «Напрыканцы жніўня 1843 года я быў у Вільні і з’явіўся да дырэктара Скарабеля. Ён прыняў мяне ветліва і прапанаваў выпіць у яго кубачак кавы. Але пададзеная мне кава была з вяршкамі. Гэта было 29 жніўня, у дзень Усячэння галавы Іаана Прадцечы, у які, па правілу царквы, я ва ўсё жыццё маё захоўваў пост. Я, не раздумваючы, адмовіўся, выбачаючыся тым, што ў гэты дзень у мяне пост. Скарабелі мабыць пакрыўдзіўся, таму што ўжо поснай (кавы) мне не падалі, і таму што, не спытаўшыся мяне, у верасні месяцы прадставіў мяне папячыцелю да адстаўкі». Насовічу прызначылі 600 рублёў пенсіі на год, якую ён атрымліваў да самай смерці. Ён вярнуўся ў Мсціслаў, дзе набыў невялікую хату для сям’і.


«Мяне чакае мой народ»

Пакідаючы працу ва ўзросце 55 гадоў, Іван Насовіч не збіраўся бавіць час дарэмна. Апошнія працоўныя гады ў ім выспявала важнае рашэнне: «Хтосьці ўжо заканчвае. Я толькі пачаў, і я буду ісці па гэтай дарозе, наколькі хопіць моцы. У мяне нарэшце развязаныя рукі, і мяне чакае мой народ, і я павінен зрабіць для яго ўсё. І я не маю права ўпасці, пакуль ён чакае маёй дапамогі і пакуль у мяне ёсць сілы служыць яму». Аднак якім чынам служыць свайму народу — гэтая ідэя ў Івана Насовіча на той час яшчэ не з’явілася. У Мсціславе ён стаў дэпутатам у мясцовай кватэрнай камісіі, а ў вольны час пісаў творы на рэлігійную тэматыку, якія затым абмяркоўваў у гасцях у мясцовых святароў.

Свята Раства Хрыстова напачатку 1848 года ён праводзіў у свайго пляменніка ў гасцях і падчас адной з размоваў яму прапанавалі заняцца «беларускай гаворкай, багатым прадметам для распрацоўкі яе». І Насовіч сапраўды зацікавіўся збіраннем народных прыказак і вывучэннем мовы жыхароў Беларусі, у першую чаргу, роднай яму Магілёўшчыны. Магчыма, гэтая справа засталася б не больш чым захапленнем, каб не пабачаная ім у 1848 годзе праграма этнаграфічнага аддзела Рускага геаграфічнага таварыства, заснаванага ў 1845 годзе.

shejn_01_logo.jpg


«З мэтаю сабраць сведчанні…»

Разасланая ва ўсе куткі Расійскай імперыі ў колькасці 7000 экзэмпляраў праграма выпускалася «з мэтаю сабраць сведчанні пра простага рускага чалавека пра народны побыт карэннага рускага насельніцтва ва ўсіх яго адценнях». Яна складалася з шасці пунктаў, па якіх павінны былі апісвацца жыхары імперыі: знешні выгляд, мова, хатні побыт і асаблівасці грамадскага побыту, разумовыя і маральныя здольнасці, адукацыя, паданні і помнікі.

Ужо ў першы год пасля выхаду праграмы Рускае геаграфічнае таварыства атрымала 500 водгукаў, пераважна ад мясцовых праваслаўных святароў. Большасць з адказаў змяшчалі павярхоўныя звесткі, паколькі сама праграма, якая ў далейшым яшчэ двойчы карэктавалася, мела супярэчнасці і прыводзіла да непаразумення. Аднак менш за ўсё гэта тычылася пункта «Мова», у якім прадстаўнікі Рускага геаграфічнага таварыства прапаноўвалі звяртаць увагу на асаблівасці вымаўлення, словаўтварэння, на звароты мовы, выкарыстанне агульнавядомых словаў у адрозным сэнсе. Найбольш цікавілі навукоўцаў «словы мясцовыя, мала ці зусім невядомыя ў агульнапрынятай мове. Гэтых апошніх пажадана б атрымаць наколькі магчыма поўныя сведчанні, у выглядзе слоўнікаў, з тлумачальнымі прыкладамі ўжывання ў розных выпадках і зваротах мовы».

Сярод прац, якія патрапілі ў Аддзяленне рускай мовы і славеснасці Акадэміі навук у 1850 годзе, апынуліся і тры рукапісы Івана Насовіча. Яны былі прысвечаныя назіранням наконт беларускай мовы, у якой рускія навукоўцы бачылі не больш як адну з «мясцовых гаворак рускай народнай мовы», невялікі яе слоўнік ды зборнік прыказак. За гэтыя працы Насовіч атрымаў ад Акадэміі навук 150 рублёў, а ў 1852 годзе іх станоўча ацаніў акадэмік Ізмаіл Сразнеўскі. У тым жа годзе ў «Известиях Академии наук» былі надрукаваныя сабраныя прыказкі.

Пасля гэтага Івану Насовічу зрабілі прапанову, якая прадвызначыла яго далейшы лёс. Яму даручылі скласці слоўнік «беларускай гаворкі».


Першы гістарычны слоўнік беларускай мовы

Патрэба ў такім слоўніку ўзнікла падчас выдання ў 1843–1853 гадах зборнікаў дакументаў Археаграфічнай камісіі («Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею»). Іх рэдактарам выступіў ураджэнец Прапойска (сёння — Слаўгарад Магілёўскай вобласці) протаіерэй Іван Грыгаровіч (1792–1852). Менавіта ён павінен быў выканаць працу па зборы слоўніка. Але ўжо распачатую працу перарвала заўчасная смерць.

Працягнуць справу, акрамя Івана Насовіча, якому было ўжо 65 гадоў, прапанавалі і Станіславу Мікуцкаму (1814–1890), які атрымаў вядомасць пазней — у 1862–1864 гадах, калі распрацаваў зацверджаную расійскім урадам кірылічную графіку для літоўскай мовы.

Насовіч узяўся за слоўнік з усёй адказнасцю, аб чым узгадваў: «Прысвяціўшы дні і ночы майго вольнага ад усялякіх службовых заняткаў жыцця, я блізу трох з паловай гадоў ужыў на выкананне ўскладзенай на мяне працы, шануючы кожную хвіліну, з-за небяспечнасці, што на схіле маіх гадоў пачатае мною не засталося няскончаным. Гэта перасцярога мая прымусіла мяне весці жыццё адасобленае, працавітае, у барацьбе з невыказнымі цяжкасцямі. Гэта працавітасць на карысць філалогіі па ўсёй справядлівасці павінна хадайнічаць для мяне ласкавую паблажлівасць у недахопах, якія без сумнення могуць адкрыцца пры разглядзе працы маёй».

nosovich_slovar_01_logo.jpg


Так паўставаў першы гістарычны слоўнік беларускай мовы, у якім змясцілася каля 12 тысяч словаў з іх тлумачэннямі. У 1857 годзе рукапіс слоўніка ў 1110 старонак пад назвай «Алфавітны паказальнік старажытных беларускіх слоў, выбраных з «Актаў, якія адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі» быў завершаны і дасланы ў Акадэмію навук. У 1865 годзе гэтая праца была адзначаная Увараўскай прэміяй у 1500 рублёў срэбрам. Аднак, на вялікі жаль, слоўнік так і не быў надрукаваны.


«Будучы сам беларусам і вывучаючы сваю гаворку…»

Паралельна Іван Насовіч працаваў над складаннем слоўніка беларускай мовы. Яго сын Васіль узгадваў: «Для паспяховага выканання гэтай справы бацька мой не шкадаваў ніякіх сродкаў, ні з чым не лічыўся, ездзіў у розныя мясцовасці. Жывучы з маленства сярод сельскага люду, добра ведаў як гаворку беларусаў, так і мноства іх песень, прыказак, прымавак. Памятаю яшчэ, што ён, як толькі пачаў збіраць матэрыялы для слоўніка, заўсёды насіў пры сабе сшытак, куды тут жа занатоўваў кожнае новае для яго слова, якое траплялася яму ў гутарцы з простым чалавекам, кожную цікавую песню, прыказку. Людзі, больш або менш адукаваныя ставіліся з павагай да этнаграфічнай працы майго бацькі, усяляк садзейнічалі яму ў гэтым».

У выніку ў 1863 годзе Іван Насовіч прадаставіў сабраныя ім матэрыялы, якія займалі 1548 старонак, спісаных дробным почыркам, у Акадэмію навук: «Спадар Мікуцкі паведаміў аддзяленню нязначныя матэрыялы для беларускага слоўніка, а спадар Насовіч, у 1863 годзе, прадставіў на суісканне Дзямідаўскіх узнагародаў поўны слоўнік беларускай гаворкі, над складаннем якога ён, з пахвальнай настойлівасцю, працаваў на працягу 16 гадоў». Гэтая праца была скончаная ў той жа год, калі пабачыў свет першы том «Толкового словаря живаго Великорускаго языка» Уладзіміра Даля. За сваю працу Іван Насовіч у 1867 годзе быў абраны сябрам Рускага геаграфічнага таварыства.

Падрыхтоўка ж слоўніка да выдання была завершаная ў 1868 годзе, аднак з’явіўся ён толькі ў 1870 годзе, паспеўшы змяніць двух рэдактараў — акадэмікаў Ізмаіла Сразнеўскага і Афанасія Бычкова. Сразнеўскі, звяртаючы ўвагу на папярэднікаў складання беларускага слоўніка (Ян Чачот, Павел Шпілеўскі), адзначаў, што толькі Насовіч здолеў справіцца са складанай задачай: «Будучы сам беларусам і вывучаючы сваю гаворку пры збіранні помнікаў і ўзораў гэтай гаворкі, ён мог узяцца за справу складання слоўніка з большаю надзеяю на поспех».

nosovich_dop_01_logo.jpg


Аднак Іван Насовіч, калі пабачыў тое, што атрымалася ў выніку, быў непрыемна здзіўлены. Па-першае, яго першапачатковая назва «Слоўнік крывіцкай мовы» ператварылася ў «Слоўнік беларускай гаворкі». Насамрэч, Іван Насовіч не прэтэндаваў на ўсёахопны характар свайго збору, які грунтаваўся, у першую чаргу, на гаворках Магілёўскай губерні. Менавіта адсюль і паходзіла назва «Слоўнік крывіцкай мовы». Па-другое, цалкам адсутнічала прадмова самога аўтара, над якой ён працаваў амаль год. Яе замяніў рэдактарскі ўступ.

Па-трэцяе, лічачы беларускую мову толькі адной з гаворак рускай народнай мовы, выдаўцы адзначалі: «Беларуская гаворка, якая з’яўляецца пануючай на вялізнай прасторы ад Нёмана і Нарэва да ўзвышшаў Волгі і ад Заходняй Дзвіны да Прыпяці і Іпуці, якой гавораць жыхары паўночна-заходніх і некаторых частак сумежных з імі губерняў, ці тых мясцовасцяў, на якіх некалі жыло крывіцкае племя, ужо даўно звяртала на сябе ўвагу айчынных філолагаў па захаваных у ёй каштоўных парэштках старажытнай мовы». Па-чацвёртае, выдаўцы зрабілі цалкам няправільную выснову пра падставу падабенства многіх словаў польскай і беларускай моваў: «Колькасцю гэтых словаў і распаўсюджваннем выкарыстання іх у народзе вызначаецца відавочным чынам ступень уплыву польскай мовы на беларускую гаворку». Такім чынам, сцвярджалася, што беларуская гаворка — гэта не больш як сапсаваная польскай руская мова. З гэтым Іван Насовіч катэгарычна не пагаджаўся.

nasovicz_pra_kryviczou._uryvak_sa_zbornika_belaruskija_pesni.jpg


«Вліянье польское ничтожно тебе приписано здесь ложно»

Не маючы магчымасці паўплываць на тое, што ўжо было зроблена і выдадзена ад яго імя, ён выказаў свой пратэст у паэтычнай форме, якую прыклаў да свайго асобніка. Гэты вершаваны дыялог ён назваў «Явка Белорусскаго словаря по выходе изъ печати къ своему въ Мстиславле Автору»:


Словарь:

Здоровъ, панъ!

Автор:

Ба! Изъ Петербурга.

Чтожъ это? Ты братъ сталъ курносъ!

Не ужъ-то ты въ рукахъ хирурга

Оставилъ свой Кривичскій носъ?

(Предисловие).

Словарь:

Мой носъ сорвалъ къ какой-то цели

И спряталъ у своей портфели

Членъ Академіи Зоил (маецца на ўвазе Ізмаіл Сразнеўскі)

Къ моей-же сжалясь кто-то роже

На нос кривичскій не похоже

Красивый носикъ приклеилъ.

Автор:

Пусть такъ! Ты въ немъ похожъ на франта

Фізіогномія-жъ не та!

Кривичскій носъ былъ носъ гиганта

Породы всехъ славянъ черта.

А тутъ не видно,

съ кемъ съродни ты!

Твои какъ будто черты слиты

Съ фізіогноміей чужой

Вліянье польское ничтожно

Тебе приписано здесь ложно

Везде характер виден твой.

Ив. НОСОВИЧ.

1870 г.


Слоўнік Насовіча складаўся з больш чым 30 тысяч словаў, але сярод іх не знайсці шараговых словаў кшталту «хлеб», «нага» або «зямля». Галоўная ўвага надавалася якраз тым словам, якімі беларуская мова адрозніваецца ад суседніх славянскіх моваў. Згодна з падлікамі Л.А. Гедзімін, гэты слоўнік у 150 разоў большы за слоўнік Яна Чачота, у 20 разоў — за Паўла Шпілеўскага, за слоўнік заходнерускай гаворкі 1851 года — у 7 разоў, Станіслава Мікуцкага — у 15 разоў, Еўдакіма Раманава — у 30 разоў.


Ад прызнання да слепаты

У 1870 годзе за этнаграфічныя і мовазнаўчыя працы Насовіч быў узнагароджаны ордэнам св. Станіслава ІІ ступені. У гэты час ён жыў у Пецярбургу, працаваў у архіве Публічнай бібліятэкі.

Па сваіх поглядах Іван Насовіч быў прыхільнікам тэорыі «заходнерусізму», распрацаванай Восіпам Каяловічам. Насовіч, які сам сябе лічыў беларусам, разглядаў Беларусь як частку Расіі, адарваную ад апошняй у часы татарскага нашэсця. У пакінутых «Успамінах майго жыцця» Іван Насовіч узгадваў: «Наогул усе мяшчане і рамеснікі гавораць па-беларуску, апрача асоб не беларускага паходжання. Аканомы ж і прыказчыкі, зразумела, з дробнай шляхты, абавязкова павінны з беларускімі мужыкамі размаўляць па-беларуску. Нават самі памешчыкі, асабліва беларускага паходжання, любяць паміж сабою гутарыць па-беларуску».

У апошнія гады Іван Насовіч актыўна апрацоўваў сабраныя ім песні і прыказкі. У выніку ў 1873 годзе выйшаў зборнік «Беларускія песні», у якім больш за 350 твораў. А ў 1874 годзе з’явілася абагульняючая папярэднія яго публікацыі праца — «Зборнік беларускіх прыказак», які ўтрымліваў 3715 прыказак і прымавак з іх тлумачэннямі.

Нават у апошні год, калі ён зусім аслабеў, ужо не мог ха­дзіць і страціў зрок, Іван Насовіч працягваў працаваць, надыктоўваючы сыну Васілю, на той час дырэктару Слуцкай гімназіі, па памяці сабраныя ім матэрыялы. Яго здароўе моцна падарвалі перажыванні за малодшага сына, які вёў распусны лад жыцця.

Іван Насовіч памёр 25 ліпеня (6 жніўня) 1877 года і быў пахаваны на могілках Тупічэўскага Святадухаўскага манастыра ў Мсціславе. Яго смерць прайшла незаўважанай для навуковай супольнасці Расійскай імперыі.

Сёння адна з вуліц горада Мсціслава носіць імя Івана Насовіча. У 2013 годзе на будынку мясцовай школы мастацтваў была ўсталяваная памятная дошка ў гонар навукоўца.