Нямецкі хімічны канцэрн Henkel адмовіцца ад рэкламы на беларускім дзяржаўным тэлебачанні

Пра гэта піша ў сваім тэлеграм-канале аналітык і аглядальнік прэсы Аляксандр Фрыдман.

henkel_0.jpg


Паводле яго слоў, публікацыя дакладу праваабарончай арганізацыі Libereco аб рэкламе заходніх кампаній на дзяржаўным ТБ Беларусі выклікала вялікую цікавасць у Еўропе.

«Першым адрэагаваў нямецкі хімічны канцэрн Henkel (трэцяе месца ў дзясятцы заходніх рэкламадаўцаў), які вельмі педантычна ставіцца да ўласнай рэпутацыі, і вырашыў адмовіцца ад супрацоўніцтва з каналамі АНТ, СТБ і Беларусь 1. У канцэрне заявілі, што не будуць размяшчаць новую рэкламу на дзяржаўным ТБ» — напісаў Фрыдман.

Арганізацыя Libereco правяла маніторынг рэкламы на дзяржканалах «Беларусь 1», АНТ і СТБ. Маніторынг ладзіўся 15-21 лістапада штодня з 19.00 да 22.00. Паводле вынікаў, першую тройку рэкламадаўцаў займалі кампаніі Mars, Procter and Gamble і Henkel. У той жа час спыніўся паказ рэкламы кампаній Carlsberg (Данія) і L’Oreal (Францыя).

Некаторыя заходнія кампаніі скарацілі сваю рэкламу, у тым ліку Jacobs Douwe Egberts, Gedeon Richter і Nestlé. У апошняй кампаніі доля рэкламных ролікаў у эфіры дзяржтэлеканалаў зменшылася да 0,4% у лістападзе — з 9% у ліпені.