Усё добра з фінансамі? Банк «БелВЭБ» уводзіць камісію за зняццё грошай у сваіх жа банкаматах

Беларускі банк «БелВЭБ», які трапіў пад сектаральныя санкцыі ЕС супраць улад Беларусі і пад санкцыі ЗША супраць Расіі, з 25 жніўня ўводзіць камісію за выдачу наяўных грошай па карпаратыўных картках БЕЛКАРТ-PREMIUM нават у сваіх банкаматах.

xxxl_12.webp


Камісія ўводзіцца за выдачу наяўных па карпаратыўных картках БЕЛКАРТ-PREMIUM:

  • у касах банка,
  • у банкаматах банка,
  • у касах і банкаматах банкаў-партнёраў, абазначаных лагатыпам «СБС» і ЗАТ «Альфа-банк», паведамляе прэс-служба банка.

Памер камісіі — 0,5% ад выдадзенай сумы, але пры гэтым мінімальная сума камісіі складзе 7 рублёў. Гэта значыць, калі здымаць суму да 1400 рублёў, камісія ў любым выпадку будзе 7 рублёў, але, напрыклад, калі зняць усяго 10 рублёў — 7 рублёў камісіі складуць ажно 70% ад гэтай сумы.

Звычайна банкі ўводзяць камісію за зняццё грошай у банкаматах іншых банкаў, у тым ліку ў банкаматах банкаў-партнёраў, але за зняццё грошай у сваіх банкаматах, як правіла, камісіі не бяруць.

Беларуская «дачка» расійскага «Внешэкономбанка» (ВЭБ) банк «БелВЭБ» трапіла пад сектаральныя санкцыі ЕС супраць Беларусі і пад санкцыі ЗША супраць Расіі. Пасля гэтага «БелВЭБ» папярэдзіў кліентаў пра абмежаванне аперацый па картках і прызнаў, што яны за мяжой не працуюць.