«Афіцыйнай інфармацыі не вераць не толькі праціўнікі рэжыму, але і яго прыхільнікі»

Палітолаг Валерый Карбалевіч у сваім блогу для «экстрэмісцкай» у Беларусі беларускай службы амерыканскага радыё разважае пра парадоксы прапаганды, якой ніхто не верыць. Нават тыя, хто павінен.

Выбух на вайсковым аэрадроме «Сакі» 

Выбух на вайсковым аэрадроме «Сакі» 


Спачатку выбухнула ў Крыме. 9 жніўня на вайсковым аэрадроме «Сакі», што паблізу пасёлку Навафёдараўка, адбылося, паводле незалежных даследчыкаў, больш за дзесяць выбухаў, знішчана каля васьмі самалётаў.

Потым дайшла чарга да Беларусі. У ноч з 10 на 11 жніўня жыхары паўднёвых раёнаў Гомеля і навакольных вёсак чулі гукі, падобныя да выбухаў, і бачылі на небе сполахі (не менш за 8 водбліскаў). Усё гэта адбывалася ў раёне аэрадрому ў Зябраўцы.

Афіцыйная рэакцыя вайсковых уладаў Расіі і Беларусі на гэтыя выбухі аказалася на дзіва падобная. Мінабароны РФ заявіла, што адбылася дэтанацыя некалькіх авіяцыйных боепрыпасаў. Многія назіральнікі нагадалі, што нешта падобнае расійскае вайсковае кіраўніцтва казала пасля гібелі крэйсера «Масква».

Міністэрства абароны Беларусі пракаментавала выбухі ў Зябраўцы так: «10 жніўня каля 23 гадзіны ў часе кантрольнага прабегу адной з адзінак тэхнікі пасля праведзенай замены рухавіка адбылося загаранне». І ад «загарання рухавіка» восем выбухаў? Ну-ну...

Тут варта ўзгадаць такі факт. Лукашэнка падчас святкавання Дня Рэспублікі расказаў, што нібыта некалькі дзён таму ўкраінскія войскі спрабавалі нанесці ўдар па вайсковых аб'ектах Беларусі, але ўсе ракеты былі перахопленыя. То бок, паводле Лукашэнкі, з боку Украіны быў ажыццёўлены рэальны ваенны напад на Беларусь. Хоць ніякіх фактаў у доказ той версіі ён не прывёў.

Цяпер жа факт нейкіх выбухаў на вайсковым аэрадроме не выклікае сумневаў, ён прызнаны. Але патлумачаны «загараннем рухавіка».

Украінскія ўлады таксама напускаюць туману, не бяруць на сябе адказнасць за гэтыя выбухі, але і не адмаўляюць катэгарычна сваю датычнасць. Дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк напісаў у twitter: «Эпідэмію тэхнічных аварый на вайсковых аэрадромах у Крыме і Беларусі ru-вайскоўцам варта разглядаць як папярэджанне: забудзьце пра Украіну, здыміце форму і сыходзьце. Ані ў акупаваным Крыме, ані ў акупаванай Беларусі вы не зможаце пачувацца ў бяспецы. Карма знойдзе вас усюды».

Усё гэта да чаго? Пра давер да афіцыйнай інфармацыі. Ён і дасюль быў не вельмі вялікі. Моцна падарвала давер да ўлады эпідэмія ковіду. У Беларусі мала хто верыў у тыя лічбы інфікаваных і памерлых, якія давала Міністэрства аховы здароўя. Потым здарыліся прэзідэнцкія выбары, пасля якіх Ярмошына аб'явіла, што Лукашэнка набраў 80% галасоў, і гэта канчаткова падарвала давер да палітыкі ўлады.

Парадаксальным чынам афіцыйнай інфармацыі не вераць не толькі праціўнікі рэжыму, але і яго прыхільнікі. Але апошнія лічаць, што так трэба дзеля вышэйшых дзяржаўных інтарэсаў: праўды казаць нельга, бо будзе паніка і іншыя негатыўныя наступствы.

А ўжо падчас вайны лічыцца, што казаць праўду — гэта амаль што працаваць на ворага.

Я не бяруся сцвярджаць ці высвятляць, што насамрэч там выбухнула. А ўсяго толькі хачу засведчыць, што большасць абывацеляў не верыць афіцыйнай інфармацыі.

Дарэчы, забаўна было назіраць рэакцыю расійскіх прапагандыстаў на выбухі ў Крыме. Спачатку яны абурыліся нахабствам і крыважэрнасцю ўкраінцаў, якія замахнуліся на тэрыторыю РФ (бо яны ж лічаць Крым расійскім), патрабавалі даць адэкватны адказ. То бок сумневаў, што гэта справа рук украінскіх вайскоўцаў, не было. І толькі потым, атрымаўшы патрэбную ўстаноўку, падтрымалі афіцыйную версію пра выпадковую дэтанацыю боепрыпасаў.

І ўжо пасля таго, як была агучана афіцыйная версія, з’явіліся фотаздымкі пустога пляжу ў Навафёдараўцы, што недалёка ад аэрадрому, і інфармацыя пра вялікія чэргі на Крымскі мост. Расійскія грамадзяне, якія адпачывалі ў Крыме, не паверылі заяве Мінабароны, хуценька сабралі манаткі і кінуліся ўцякаць далей ад небяспечнага месца.

Парадокс сітуацыі ў тым, што ў абодвух дыктатарскіх рэжымах вайна запусціла два супрацьлеглыя працэсы: аб’яднанне «вакол сцяга» і рост недаверу да афіцыйнай інфармацыі. Два гэтыя трэнды дзіўным чынам ужываюцца адзін з адным.

Адначасова падчас такіх пікавых падзей, кшталту незразумелых выбухаў на вайсковых аб'ектах, расце запыт на альтэрнатыўную інфармацыю. І тут незалежныя СМІ могуць выканаць ролю крызісных медыя, якія паказваюць, што ж адбываецца насамрэч.