Беларусь выключылі з Балонскага працэсу

Прыпынена права прадстаўніцтва Расійскай Федэрацыі і Беларусі ў Балонскім працэсе. Пра гэта напісаў у Telegram-канале міністр адукацыі і навукі Украіны Сяргей Шкарлет.

0ff60000_0aff_0242_8b12_08d9a5e8f8c3_cx0_cy18_cw0_w1023_r1_s_1.jpeg


«Група суправаджэння Балонскага працэсу прыняла рашэнне прыпыніць права прадстаўніцтва Расійскай Федэрацыі і Беларусі ў Балонскім працэсе, а таксама ў працоўных групах, усіх іншых структурах і рабочай праграме Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі», — напісаў Шкарлет, паведамляе АФН.

Па яго словах, асновай для такога рашэння стала адпаведная заява, якую падпісалі 39 урадавых, 6 кансультатыўных членаў Балонскага працэсу і прадстаўнікі Еўрапейскага рэестра па забеспячэнню якасці вышэйшай адукацыі.

Балонскі працэс аб’ядноўвае сістэмы вышэйшай адукацыі асобных краін у адзіную прастору. Балонскі працэс прадугледжвае выдачу супастаўных ступеняў, дадаткаў да дыпломаў, якія дакладна паведамляюць аб спецыялізацыі выпускніка. Гэта і ёсць тое самае «прызнанне дыпломаў»: адвучыўся ў Германіі — працуй па ўсёй Еўропе без дадатковай неабходнасці пацвярджаць сваю кваліфікацыю.

Беларусь была прынятая ў Балонскі працэс у 2015 годзе «авансам» — і гэта ўнікальны выпадак у гісторыі Балонскага працэсу. Звычайна краіна прыводзіць сваю вышэйшую школу ў адпаведнасць еўрапейскім патрабаванням да ўступлення ў Балонскі працэс, а не наадварот. Праблема была таксама ў ступені акадэмічных свабодаў. Да сённяшняга дня яна нікуды не знікла.

Напрыканцы 2021 года праз няспынныя акадэмічныя рэпрэсіі Беларусь страціла месца ў кіраўніцтве працоўнай групы Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.