ByPol расказаў новыя акалічнасці падзеяў вакол смерці Рамана Бандарэнкі

Пасля прыпынення Генпракуратурай справы аб забойстве Рамана Бандарэнкі ініцыятыва былых сілавікоў ByPol расказала пра новыя акалічнасці падзеяў вакол смерці Рамана Бандарэнкі, піша «Свабода».

bandarenkaraman3_1.jpg

24 верасня ByPol апублікаваў дапоўненае расследаванне гібелі Рамана Бандарэнкі. У ім збольшага паўтараюцца імёны, агучаныя пасля папярэдняй праверкі яшчэ ў студзені.

З новага — фігура кіраўніка мінскага АМАПу Дзмітрыя Б. Сюжэт відэа ByPol будуецца вакол запісу тэлефонных размоў, як сцвярджаецца, Дзмітрыя Б. з Наталляй Э. (імаверна, прэсавай сакратаркай Лукашэнкі), а таксама камандзірам групы АМАПу, якая была на месцы, Русланам К.

Таксама, у параўнанні з папярэдняй праверкай, у спіс імёнаў «групы Наталлі Э.» дадалі імя, як сцвярджаецца, «асабістай лекаркі Лукашэнкі» Алены К., аб прысутнасці якой у раёне «плошчы Пераменаў» ByPol паведамляў у лютым, ужо пасля публікацыі папярэдняй праверкі.

Такім чынам, кола падазраваных, паводле ByPol, выглядае наступным чынам:

Група «неабыякавых грамадзянаў» пад кіраўніцтвам Наталлі Э.

·        Наталля Э.

·        Дзмітры Б.

·        Алена К.

·        Ганна Э.

·        Дзмітры Ш.

·        Павал В.

·        Жанэт В.

 

Дзве групы сілавой падтрымкі

·        Байцы СОБР С., Ц., А., Б., С.

·        Група АМАПу пад кіраўніцтвам Руслана К. (у адрозненне ад папярэдняй праверкі, імёны байцоў АМАП не называюцца).

 

2 лістапада 2020 году, за 9 дзён да інцыдэнту з Раманам Бандарэнкам, паводле апублікаванага ByPol запісу тэлефоннай размовы, Наталля Э. абмяркоўвае з Дзмітрыем Б. сілавую падтрымку «палявання». Згадваецца ў тым ліку «плошча Перамен» — двор дому на вуліцы Чарвякова, дзе жыў Раман. Паводле ByPol, 2 лістапада «група Э.» паехала ў Новую Баравую, дзе нечакана сустрэла адпор мясцовых жыхароў. Пасля гэтага Э. з Б. дамовіліся пра больш шчыльную падтрымку.

6 і 7 лістапада ў тэлефонных размовах, апублікаваных ByPol, вядзецца пра важнае заданне ў каардынацыі з кіраўніком мінскага АМАПу Дзмітрыем Б., намеснікам міністра ўнутраных спраў Аляксандрам Б., старшынёй Савету Рэспублікі Наталляй К. і Наталляй Э. ByPol робіць выснову, што гэтыя людзі — блізкая да Лукашэнкі група па асаблівых даручэннях. ByPol таксама сцвярджае, што згаданае важнае заданне — гэта адключэнне вады ў Новай Баравой, але наўпрост у агучаных запісах размоў сутнасць задання не гучыць.

10 лістапада Наталля Э. звоніць Дзмітрыю Б., каб дамовіцца пра сурʼёзны рэйд на наступны дзень, «імкнучыся рэабілітавацца ў вачах гаспадара», які раскрытыкаваў яе за недастатковую актыўнасць, сцвярджае ByPol.

11 лістапада здарыўся інцыдэнт з Раманам Бандарэнкам. Пасля прымянення сілы Дзмітрыем Ш. перад пагрузкай у мікрааўтобус СОБРу Рамана Бандарэнку адзін з собраўцаў рэзка ўпусціў галавой аб зямлю. ByPol сцвярджае, што гэта Яўген Ц. У папярэдняй праверцы ягонае імя таксама называлася, але з пазнакай «меркавана».

23:32. Руслан К. паведаміў Дзмітрыю Б., што ў дзяжурную частку адвезлі пʼянага затрыманага: «Пакуль везлі, ён заснуў». Гэта можа сведчыць, што на момант званка Бандарэнка ўжо быў у вельмі цяжкім стане ад чэрапна-мазгавой траўмы, бо, як вядома, алкаголю ў крыві Рамана не знайшлі, гаворыцца ў расследаванні ByPol.

У 23:04 для Бандарэнкі ўпершыню выклікалі з пастарунку хуткую дапамогу. Праз пару хвілін зноў пазванілі ў «хуткую» і паведамілі, што ён траціць прытомнасць, алкаголем не пахне. Гэтыя матэрыялы ByPol публікаваў і раней. З новага — званкі на раніцу наступнага дня.

12 лістапада ў 7:54 дзяжурны АМАПу дакладае Дзмітрыю Б., што амапаўцы забралі Бандарэнку з мікрааўтобуса СОБРу ўжо ў цяжкім стане. Праз дзве хвіліны Дзмітры Б. звоніць начальніку мінскай міліцыі Міхаілу Г.: «Я думаю, там Шакута недзе прыклаўся». «Нашыя яго і пальцам не краналі», — вынікае з апублікаванага ByPol запісу размовы.

ByPol таксама апублікавала запіс, на якім, як сцвярджаецца, камандзір групы АМАП Руслан К. і Дзмітры Б. дамаўляюцца даць паказанні, з якіх вынікае, што Бандарэнку не забралі ў собраўцаў, а знайшлі на вуліцы каля прыпынку ў непрытомным стане. Руслан К. у наступным званку сказаў, што даў паказанні яшчэ і пра тое, што ад Бандарэнкі чуўся пах алкаголю.

З вышэйпададзенай інфармацыі ByPol робіць выснову, што група пад кіраўніцтвам Наталлі Э. пры падтрымцы СОБРу ўступіла ў канфлікт з мясцовымі жыхарамі, у якім адзначыўся Дзмітры Ш. У выніку байцы СОБРу схапілі Рамана Бандарэнку і праз нейкі час перадалі яго АМАПу ў цяжкім стане. АМАП даставіў яго ў Цэнтральны РУУС.

У ліку падазраваных, названых ByPol:

·        Дзмітры Ш., які першы 11 лістапада прымяніў да Рамана Бандарэнкі фізычны гвалт.

·        Яўген Ц., баец СОБРу, які, як сцвярджае ByPol, перад пагрузкай Рамана ў мікрааўтобус выцяў яго галавой аб зямлю.

·        Астатнія чальцы каманды СОБРу (С., Ц., А., Б., С.), якія былі з Бандарэнкам у мікрааўтобусе цягам 20 хвілін да перадачы ў цяжкім стане амапаўцам.

«Смерць Рамана Бандарэнкі, безумоўна, ляжыць на сумленні асабіста дыктатара і ягоных прыдворных слуг, — падсумовае ByPol, — а таксама іншых згаданых карнікаў».

«Але непасрэдна крымінальную адказнасць за гібель Рамана панясуць шараговыя верныя псы рэжыму, якія бяздумна выконваюць усякі аддадзены ім загад, у тым ліку заведама злачынны», — сцвярджае ByPol і адзначае, што адзіная акалічнасць, якая яшчэ мае значэнне для вызначэння крымінальнай адказнасці — «як хутка і наколькі шчыра» кожны з выканаўцаў «адважыцца сказаць праўду пра падзеі 11 лістапада на „плошчы Перамен“».

Пакуль жа, лічыць ByPol, Генпракуратура хавае забойцаў Бандарэнкі.

ByPol — гэта ініцыятыва былых сілавікоў, якія адмовіліся служыць Лукашэнку і пайшлі ў адстаўку, арганізаваўшы за мяжой шэраг расследаванняў дзеянняў былых калег у задушэнні пратэстаў у Беларусі.

 

Што вядома пра смерць Рамана Бандарэнкі

Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.

Пасля вербальнага канфлікту з мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і звезлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.

Паводле непацверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Мінску.

У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай медычнай дапамогі з вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.

Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў аперацыйную яго ўжо прывезлі ў коме. Аперацыя цягнулася некалькі гадзін.

Раман быў у крытычным стане.

​ГУУС Мінгарвыканкаму сцвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасля здарэння. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сведак здарэння расказаў Свабодзе, што міліцыя прыязджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка з’ехала, нічога не зрабіўшы».

Следчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак медыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алкаголю не было.

19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алкаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.

18 лютага 2021 году, на соты дзень пасля смерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнка, што па факце смерці яе сына пачалі крымінальную справу.

17 верасня 2021 справу прыпынілі «з прычыны неўстанаўлення асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага».