Чыноўнікі прынялі закон аб аміністыі. Чаму ў ім няма «палітычных» артыкулаў?

Абвешчаная да так званага «Дня народнага адзінства» амністыя адцягвалася да апошняга. Сёння сенатары ўхвалілі законапраект.

naruchnik_tyurma_reshetka_amnistiya_900x600.46100879.jpg


На пачатку кастрычніка ўлады апублікавалі праект закона аб амністыі. Тады стала вядома, што Лукашэнка не мае намеру вызваляць палітвязняў: ні адзін з «палітычных» артыкулаў Крымінальнага кодэкса пад амністыю не падпаў.
Сёння міністр унутраных спраў Іван Кубракоў прадставіў гэты законапраект сенатарам Савета Рэспублікі. На думку чыноўніка, «у нашай дзяржаве заўсёды прымяняецца прынцып гуманізму ў дачыненні да асоб, якія адбываюць крымінальнае пакаранне. Дзяржава не толькі карае, але і дае магчымасць асуджаным, якія выправіліся, датэрмінова вызваліцца ад адбыцця пакарання».
Як адзначаюць юрысты ў інтэрв'ю «DW», адзінае, што пакідаюць палітвязням — гэта прашэнне аб памілаванні. У такім выпадку менавіта Аляксандр Лукашэнка будзе вырашаць лёс кожнага асобнага зняволенага.


Сёлета ўлады збіраюцца вызваліць ад розных відаў пакаранняў 4545 асуджаных: 1,6 тысячы чалавек з месцаў пазбаўлення волі (з іх 10 непаўнагадовых), 500 — з папраўчых устаноў адкрытага тыпу, 2445 — з крымінальна-выканаўчых інспекцый. Акрамя таго, мяркуецца скараціць тэрмін пакарання на 1 год 3950 асуджаным, з іх 2,5 тысячы чалавек адбываюць пакаранне ў папраўчых установах, 350 — у папраўчых установах адкрытага тыпу, 1,1 тысячы — у крымінальна-выканаўчых інспекцыях. Усяго амністыя закране 8495 чалавек, піша дзяржаўнае агенцтва «БелТА».
Нягледзячы на тое, што амністыя меркавалася да так званага «Дня народнага адзінства», яе прыняцце відавочна зацягвалі. Аналітык Юрый Дракахруст на «Радыё Св*бода» выказаў здагадку, што рэжым няголасна вядзе гандаль з Еўропай:
«Калі Лукашэнка кажа, што ён ніколі не таргаваўся людзьмі, то гэта проста няпраўда. Вызваленне палітвязняў у 2008 і 2015 гадах было менавіта такім торгам: свабода палітвязням у абмен на паляпшэнне адносін з Захадам.

Ну а калі ён кажа, што і зараз таргавацца людзьмі не будзе, то ў перакладзе гэта азначае, што менавіта гэта ён і рабіў, дакладней, спрабаваў зрабіць. Мяркуючы па ўсім, Захаду была зроблена прапанова: вызваленне часткі палітвязняў у абмен на змякчэнне санкцый».


І, гледзячы па тым, што ні адзін палітвязень не выйдзе на волю па гэтай амністыі, Еўропа на гандаль не пайшла.