Defence-blog: У Зябраўцы падарваны расійскі шматмэтавы радар кіравання агнём

На вайсковым аэрадроме ў Зябраўцы пад Гомелем быў падарваны расійскі шматмэтавы радар кіравання агнём. Выданне спасылаецца на крыніцу, знаёмую з разведданымі.

flkhqvsxwae1zyl_1536x1032.webp


Defence-blog.com піша, што гэта радар кіравання агнём і паражэння 92N6, вядомы ў NATO як Grave Stone. Ён нібыта быў падарваны ў выніку магутнага выбуху.

Пра выбухі каля Зябраўкі ў ноч на 11 жніўня паведамлялі шматлікія ТГ-каналы і СМІ. З гэтай авіябазы расійскія войскі часта наносяць удары па Украіне. Там размяшчаецца шмат расійскай вайсковай тэхнікі і самалётаў.

Мінабароны Беларусі пацвердзіла выбух. Афіцыйнай прычынай было названае загаранне рухавіка ў «адзінцы тэхнікі».

Між тым, час узгарання, паказаны Мінабароны, не супадае з часам узніклення «хлапкоў». Паводле Мінабароны, узгаранне адбылося каля 23 гадзін, але выбухі прагучалі паміж 0:25 і 0:32. Да таго ж, назіральнікі сцвярджаюць, што іх было некалькі.

ВВС прыгадвае, што на тэрыторыі аэрадрома знаходзіцца ракетны дывізіён ракетнага комплексу «Іскандэр-М» і дывізіён С-400. Пра гэта казаў у пачатку ліпеня намеснік начальніка галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштаба УСУ Аляксей Громаў.