Два гады таму забілі Рамана Бандарэнку. Ці памятаем мы?

Два гады таму не стала Ромы. Не стала Плошчы Перамен — той, якой мы яе памятаем і за якую Рома выходзіў, не стала і той Беларусі. Забойцы дагэтуль не пакараныя, яны працягваюць гвалціць сваю зямлю і, верагодна, не думаюць, што ва ўсяго ёсць свой канец.

Два гады таму быў забіты Раман Бандарэнка

Два гады таму быў забіты Раман Бандарэнка


Калі гасне свечка, на нейкую долю секунду душою авалодвае сум: святло саступае месца цемры, завяршаецца нейкі важны этап — малітвы, успаміну. Але гэты сум знікае, варта толькі выйсці на вуліцу, павярнуцца тварам да ліхтароў, убачыць усмешкі людзей.
Тое непапраўнае, незваротнае, што сыходзіць, калі чалавек выдыхае апошні раз, не могуць засланіць сабою ні навагоднія агні, ні промні ранішняга сонца, ні ўсмешкі сяброў. Свечку мы можам запаліць яшчэ раз, але ўдыхнуць жыццё ў цела нам не пад сілу. Найвялікшае гора, найвялікшы адчай паглынаюць блізкіх, на чыіх руках памірае любімы чалавек, які, здавалася, яшчэ імгненне таму глядзеў на іх з цеплынёю, дыхаў, смяяўся, жартаваў ці плакаў — і вось ужо ён ніколі больш не паглядзіць на іх зноў.
Цікава, ці адчуваюць хоць нешта падобнае, хоць кроплю гэтага адчаю ад непапраўнага людзі, на чыіх руках — забойства Рамана Бандарэнкі?


Прайшло два гады, і, напэўна, зараз яны супакоіліся, жывуць сваім звычайным жыццём, у якім смокчуць кроў усяго жывога, да чаго толькі дакрануцца, удаюць на клапатлівых (а мо і не вельмі) мужоў, на добрых татаў. Ці ўспамінаюць хаця б зрэдку, што два гады таму яны лёгка і не задумваючыся, проста таму што лічаць сябе ва ўладзе караць і дараваць, пазбавілі жыцця чужога сына, брата, сябра?
Гэты невялікі тэкст мусіў называцца «Памяці Рамана Бандарэнкі». Але справа ў тым, што гэта пра нашу памяць — пра памяць жывых. Пра тое, наколькі яшчэ жывое «не забудем, не простим». Ці не згаслі ў нашых успамінах свечкі і лампадкі Плошчы Перамен. Ці не дарэмным было апошняе «я выходжу», якое малады хлопец напісаў як пасланне нам усім — «чакайце, я буду побач, я буду з вамі».
Два гады таму не стала Ромы. Ён быў не першым і не апошнім у спісе заўчасна згаслых свечак. Іх пазбавілі святла за тое, што яны захацелі сведчыць супраць цемры, яны сталі насупраць зла. Ні адну з іх мы ўжо не запалім, ні адна з іх не зможа нас сагрэць, але ў нас ёсць яшчэ іншыя, старыя і новыя, якія мы можам запаліць, каб святла ў гэтыя змрочныя дні было болей, каб падсвяціць дарогу, якую мы ўжо прайшлі і якая нас яшчэ чакае. Каб нішто не сышло ў нябыт і каб памяць — тое адзінае, што звязвае мінулае і будучыню, тых, хто сышоў, і тых, хто застаўся, — вяла нас паўз схілы, яры і яміны да роўнай дарогі, на якой мы нарэшце ўсе сустрэнемся зноў і яшчэ раз запалім свечкі ў гонар нашых герояў.