Філосаф Уладзімір Мацкевіч будзе дабівацца адкрытага суда

Сёння пачаўся дзявяты месяц, як беларускі філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч знаходзіцца за кратамі.

277538614_166379402435813_4029386737067326502_n.jpg

Ён быў затрыманы 4 жніўня 2021 года па абвінавачванні ў "арганізацыі групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак" (ч. 1 арт. 342 КК).
Пасля шасці месяцаў зняволення ў турме Уладзімір Мацкевічабвесціў галадоўку, патрабуючы рэальнага, а не імітацыйнага следства па сваёй справе. Толькі на 13 дзень галадоўкі, калі стан здароўя філософа значна пагоршыўся, справа нарэшце "зрушылася з мёртвай кропкі" і следчыя дзеянні актывізаваліся.
Ад самага пачатку філосаф казаў, што ўся яго правіна — у "мыслезлачынстве". І яго патрабаванне давесці справу да суда — гэта патрабаванне да беларускага рэжыму публічна прызнаць, што кідае людей за краты толькі за тое, што яны маюць адвагу мысліць самастойна.
Але ўзровень сакрэтнасці вакол справы Уладзіміра Мацкевіча і сёння застаецца на ўзроўні дзяржаўнай таямніцы. Грамадскасці вядома толькі, што да першапачатковага дадалося абвінавачанне па ч. 1 арт. 361-1 КК ("стварэнне экстрэмісцкага фарміравання"), ды і тое стала пра гэта вядома, толькі дзякуючы "зліву" ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў. Адвакаты знаходзяцца пад жорсткай падпіскай аб неразгалошванні, акрамя таго, пасля галадоўкі Уладзімір Мацкевіч перастаў атрымліваць лісты, лісты ад яго такасама ўжо месяц не даходзяць да сваякоў і сяброў.
Ацэньваючы вынікі галадоўкі, якая была для яго сур’ёзным выпрабаваннем, Уладзімір Мацкевіч кажа, што толькі дзякуючы шырокаму розгаласу і грамадскай падтрымцы зрухі сталі магчымыя. Адзіным месцам, дзе грамадскасць магла б даведвацца, у чым усё ж абвінавачваюць філософа, можа стаць зала суда — але мы ведаем пра шырокую практыку "закрытых судоў" па палітычных справах апошніх двух гадоў. Закрытымі робяць суды над вядомымі палітыкамі і праваабаронцамі, анархістамі і студэнтамі, мастакамі, журналістамі і блогерамі.
Дабіцца адкрытага суда — наступная задача, якую ставіць Уладзімір Мацкевіч.
Facebook