Краму з нацыянальнай сімволікай прызналі «экстрэмісцкай»

Калі казаць дакладней, то «экстрэмісцкімі матэрыяламі» ўлады прызналі сайт і Instagram баранавіцкай крамы з нацыянальнай сімволікай «Росквіт», але вялікай розніцы тут няма.

photo_2022_11_29_11_25_31.jpg

Рашэнне адносна «экстрэмісцкага» стасусу інтэрнэт-рэсурсаў крамы «Росквіт» было пранята судом Баранавічаў і Баранавіцкага раёна, паведамляюць праваабаронцы.

Гэтай восенню ў гаспадара крамы Юрыя Казакевіча двойчы праходзіў ператрус, а ў кастрычніку адміністрацыя гандлёвага цэнтра, дзе месцілася крама, завесіла ўваход у яе. Вядома, што ім «настойліва раілі» зрабіць так, каб крама больш не працавала.

Пасля выбараў 2020 года рэжым Лукашэнкі зацята змагаецца з любымі праявамі нацыянальнай сімволікі. Дэ-факта любое спалучэнне белага і чырвонага ў Беларусі сёння пад забаронай — за гэта можна лёгка патрапіць за краты з перспектывай крымінальнага пераследу. Дэ-юрэ ўлады да сімволікі падкрадаюцца вельмі асцярожна, бо разумеюць, што БЧБ-сцяг і герб «Пагоня» — гістарычныя сімвалы беларусаў.

Нядаўна, праўда, вокліч «Жыве Беларусь» быў прызнаны «нацысцкім», але таксама з нюансам — толькі пры ўмове адказу «Жыве» ды яшчэ з узнятай правай рукой з распрастанай далонню. Карацей, і хочацца БЧБ-сімвалы зрабіць злачыннымі, і колецца.