Лідара АГП Казлова прызналі «схільным да эстрэмізму»

Стаўленне да Казлова ў СІЗА «назваць добрымі нельга. Палітвязень скардзіцца на праблемы са зрокам — відаць, адбіліся кепскае асвятленне ў камеры і хімічны апёк, які ён атрымаў летась, калі іх на Акрэсціна залівалі хлоркай. Але ў аглядзе і дапамозе афтальмолага яму адмовілі.

kazlou_ahp.webp

Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў, які знаходзіцца за кратамі з 28 снежня 2021 года, сустрэўся з сястрой. Гэта адзінае спатканне, якое належыць яму за 3 месяцы арышту. За ўвесь тэрмін ён можа атрымаць толькі 1 бандэроль да 2 кг і 1 пасылку або перадачу ад сваякоў, паведамляе «Свабода».

Сястра расказала, што Мікалай знаходзіцца ў камеры адзін. Яго прызналі «схільным да экстрэмізму» і павесілі адпаведную таблічку над ложкам,

Таксама ў лідара АГП ужо ёсць спагнанне (вымова) за тое, што ён нешта зрабіў не ў час — пры тым, што ў яго няма гадзінніка і час удакладніць няма ў каго. Ён лічыць, што прыдзірлівае стаўленне адміністрацыі і аховы можа быць абумоўлена жаданнем знайсці падставу для змяшчэння яго ў ШЫЗА.

Умовы ў СІЗА і стаўленне да Казлова «назваць добрымі нельга», кажа сястра. Як расказаў Мікалай, асвятленне ў камеры дрэннае, чытаць цяжка. Палітвязень скардзіцца на праблемы са зрокам — відаць, адбіўся хімічны апёк, які ён атрымаў летась, калі іх на Акрэсціна залівалі хлёркай, кажа сястра. Але ў аглядзе і дапамозе афтальмолага яму адмовілі.

У камеры, паводле Казлова, «увесь час раве радыё». Карэспандэнцыю аддаюць далёка не ўсю: тэлеграмы з днём народзінаў шмат ад каго не дайшлі, атрымаў толькі 3 штукі. Лідара АГП таксама пазбавілі магчымасці адказваць на лісты, забраўшы паперу і асадкі. Ён папрасіў сястру выпісаць яму газеты.

Мікалай Казлоў — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, асуджаны на 3 месяцы арышту паводле ч. 1 арт. 407 Крымінальнага кодэксу за «выдаванне дадзеных крымінальнай справы» супраць Каардынацыйнай рады. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. Раней старшыня АГП некалькі разоў адмаўляўся даваць падпіску аб невыдаванні пасля допытаў у СК — за гэта яго ўжо прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці.