Максіма Знака і Марыю Калеснікаву асудзілі на 10 і 11 гадоў калоніі (відэа)

Сёння ў Мінскім абласным судзе агучылі прысуд палітвязням Максіму Знаку і Марыі Калеснікавай, суддзя Сяргей Епіхаў прызнаў іх вінаватымі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: змова з мэтай захопу ўлады, заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо кіраўніцтва ім. Вязняў прыйшлі падтрымаць дзясяткі людзей, у тым ліку замежныя дыпламаты, якіх міліцыянты адмаўляліся прапусціць у залу суда.

20133892_0140_4588_aaab_c05d198c1b3c_cx29_cy18_cw63_w1023_r1_s.webp

Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзідыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзвярыма. Свабода згадвае, што папярэднічала гэтаму гучнаму працэсу.

Удзел у выбарчай кампаніі

Марыя Калеснікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасля таго, як той абвясціў пра сваё рашэнне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — з'яўляліся на працэдуры падачы дакументаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэнне, актыўна каментавалі ход кампаніі і планы штабу пасля затрымання самога Бабарыкі.

Пасля стварэння аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калеснікава працягнулі актыўную дзейнасць у выбарчай кампаніі Святланы Ціханоўскай. Пасля стварэння Каардынацыйнай рады Знак і Калеснікава ўвайшлі ў яе прэзідыюм.


Затрыманне

Марыю Калеснікаву затрымалі невядомыя 7 верасня побач з будынкам Нацыянальнага мастацкага музея. Пра гэта стала вядома ад выпадковых сведак. Прыкладна суткі лёс Калеснікавай заставаўся невядомы, пакуль былыя ўдзельнікі штабу Бабарыкі Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў на прэс-канферэнцыі ў Кіеве не расказалі пра парваны Марыяй беларускі пашпарт і яе вяртанне на тэрыторыю Беларусі.
Максіма Знака супрацоўнікі спецслужбаў затрымалі ў памяшканні выбарчага штабу Віктара Бабарыкі на вуліцы Харужай, які на пачатку верасня ператварыўся ў штаб-кватэру прэзідыюму Каардынацыйнай рады.
Неўзабаве пасля затрымання Калеснікаву і Знака абвінавацілі спачатку ў змове, учыненай з мэтай захопу ўлады. Пасля да гэтага дадаліся яшчэ артыкулы за публічныя заклікі да захопу ўлады і за стварэнне экстрэмісцкага фармавання.
Абое абвінавачаныя да прысуда знаходзіліся пад вартай. Марыя Калеснікава амаль увесь час правяла ў следчай турме № 8 у Жодзіна, Максім Знак — у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага. Ён таксама прысутнічаў на сустрэчы Лукашэнкі з палітзняволенымі ў СІЗА КДБ. Калеснікавай на гэтым мерапрыемстве не было.


Суд

Працэс па справе Марыі Калеснікавай і Максіма Знака пачаўся ў будынку Мінскага абласнога суда 4 жніўня. Ён прайшоў у закрытым рэжыме, трапіць на першае паседжанне змаглі толькі адвакаты, абвінаваўца, суддзя і журналісты дзяржаўных СМІ.
26 жніўня на працэс выклікалі бацьку Марыі Калеснікавай Аляксандра. Падрабязнасці свайго ўдзелу ў судзе ён расказаць не змог праз падпіску аб неразгалошванні. Аднак расказаў пра свае ўражанні ад убачанага ў зале.
«Я адчуў ад Машы цяпло, захапленне, — расказваў Аляксандр Калеснікаў. — Убачыў яе ўсмешку. Магу зрабіць выснову, што яе самаадчуванне і настрой добры. Пасля таго як я ўбачыў дачку, якая ўсміхаецца, у мяне прыліў нейкіх сіл!»

Працэс над Калеснікавай і Знакам заняў 17 паседжанняў. 2 верасня абвінавачаныя выступілі з апошнім словам. Марыя Калеснікава пачала сваю прамову па-беларуску, працытаваўшы ўрывак з твора пісьменніка Альгерда Бахарэвіча, які ёй даслалі ў лісце салідарныя беларусы. Таксама яна выказала меркаванне, што працэс над ёй і Максімам Знакам — гістарычны, незалежна ад таго, якім будзе рашэнне.
Праз закрытасць працэсу невядома, якога пакарання для абвінавачаных запрасіў пракурор. Артыкулы Крымінальнага кодэксу, па якіх судзілі Марыю Калеснікаву і Максіма Знака, прадугледжваюць да 12 гадоў пазбаўлення волі. Абое абвінавачаныя сваёй віны не прызналі.
Расійскія журналісты з РИА Новости апублікавалі відэа з залы суда перад абвяшчэннем прысуда:



Вось такая чарга ўтварылася з людзей, якія прыйшлі на абвяшчэнне прысуда Марыі і Максіму, паведамляе Еўрарадыё: