На калонію суслікаў выгрузілі ўгнаенні

18 лістапада заолаг Сяргей Шакала на сваёй старонцы ў сацсетках паведаміў, што адна з калоній рабога сусліка аказалася пад пагрозай знікнення.

Рабы суслік. Фота Сяргея Зуёнка

Рабы суслік. Фота Сяргея Зуёнка

Землекарыстальнік выгрузіў на поле з сеянымі травамі, дзе жывуць «чырванакніжныя» звяркі, велізарную кучу гною.
Спецыяліст грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) Сямён Левы выехаў у Капыльскі раён, каб прыняць меры для захавання месца пражывання рэдкага віду грызуноў.
Высветлілася, што гной з суседняй фермы складуюць на полі з суслікамі, каб угнойваць палі паблізу. Гэтым разам яго выгрузілі на краі калоніі суслікаў.
Паводле ацэнак спецыялістаў у гэтай калоніі летам жыло каля 20 рабых суслікаў. А ўсяго некалькі такіх куч угнаенняў могуць прывесці да поўнага знішчэння калоніі.
Пасля праверкі на месцы высветлілася, што калонія не знішчаная. У радыусе да 200 м ад кучы выяўлена не менш за 15 нор суслікаў. Колькі апынулася пад кучай, ніхто не ведае. Толькі вясной спецыялісты змогуць пераканацца, колькі суслікаў тут засталося ў жывых.
Яшчэ ў верасні АПБ пісьмова папярэдзіла землекарыстальніка і раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя аб пражыванні тут суслікаў і аб тым, што землекарыстальнік павінен прыняць меры для захавання гэтага месца пражывання віду і нясе адказнасць за кожнага загінулага па яго віне звярка. Вясной, калі суслікі выйдуць з нор, можна будзе скласці акт аб загінулых звярка на месцы размяшчэння арганічных угнаенняў і падлічыць шкоду, нанесеную прыродзе.
АПБ звяртае ўвагу, што нават калі месца пражывання віду пакуль не знаходзіцца пад аховай, ніякай землекарыстальнік не мае права знішчаць любы ахоўны від, тым больш уключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, згодна з Указам Прэзідэнта Республікі Беларусь 24.06.2008 N 348 (у рэдакцыі Указа Прэзідэнта Республікі Беларусь 21.03.2018 N 112) за незаконнае знішчэнне адной асобіны рабога сусліка мінімальны ўрон складае 9 базавых велічынь.
Сямён Левы, спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях:— Угнаенні з калоніі ў любым выпадку трэба прыбіраць. Землекарыстальнік абяцаў начальніку раённай інспекцыі гэта зрабіць. Мы будзем сачыць за тым, каб абяцанне было выканана. Пашпарт на гэтае месца пражывання рабога сусліка і праект ахоўных абавязацельстваў ужо знаходзяцца на разглядзе ў мясцовых органаў улады.
На сёння навукоўцам вядома ўсяго 10 калоній рабых суслікаў у трох раёнах Беларусі. Толькі адну з іх можна аднесці да буйных, усе астатнія невялікія, але вельмі важныя, бо дазваляюць захаваць генетычную разнастайнасць віду. Таму за захаванне кожнай трэба змагацца.
Паводле прэс-рэліза