Няскончаны крызіс. За ўчора у Еўропу з Беларусі спрабавалі трапіць 117 мігрантаў

У суботу, 26 лістапада, у Польшчу з Беларусі спрабавалі нелегальна трапіць 44 замежніка. У Літву за апошнія суткі спрабаваў перабрацца 41 мігрант, а ў Латвію — 32.

Кіраўнік МУС Польшчы Марыюш Каміньскі каля плота з Беларуссю. Фота: twitter.com/MSWiA_GOV_PL

Кіраўнік МУС Польшчы Марыюш Каміньскі каля плота з Беларуссю. Фота: twitter.com/MSWiA_GOV_PL


У прэс-службе Дзяржаўнага памежнага камітэта Польшчы распавялі, што затрымалі грамадзянаў Шры-Ланкі, Емена і Сірыі. Іх выявілі паблізу польскіх вёсак Чарэмха і Мельнік, якія мяжуюць з Брэсцкай вобласцю, а таксама на ўчастку ля горада Ліпск на мяжы з Гродзенскай вобласцю.

Паведамляецца, што мігранты прыляцелі ў Беларусь з Расіі і спрабавалі абысці памежны плот.

Паводле звестак польскіх памежнікаў, у лістападзе гэтага года ім удалося спыніць дзве тысячы спробаў замежнікаў нелегальна трапіць у краіну. У лістападзе 2021-га — 8900.

Раней Літва, Латвія і Польшча прынялі рашэнне пабудаваць сцены на мяжы з Беларуссю. Да прыкладу, Польшча ў канцы студзеня 2021 года пачала будаваць на мяжы з Беларуссю металічную сцяну вышынёй у 5,5 метра і даўжынёй 186 кіламетраў. Работы былі цалкам завершаны да пачатку кастрычніка гэтага года. Цяпер там усталёўваюцца электронныя сістэмы.

Раней каардынатар польскіх спецслужбаў Станіслаў Жарын заявіў, што цяпер польская мяжа з'яўляецца самай абароненай у Еўропе, а незаконны ўезд у краіну з боку Беларусі цалкам заблакаваны.

Нелегальныя мігранты па-ранейшаму штурмуюць мяжу, аднак змянілі тактыку: многія спрабуюць трапіць у Польшчу з Беларусі ўплаў або на лодках праз памежную раку Свіслач. У чацвер, 24 лістапада, некалькі чалавек менавіта так прабраліся ў краіну, а яшчэ восем — перайшлі па лёдзе раку Пшэвалоку.

Паводле «Л*стэрка», REFORM.by