Палітвязня па «справе Зельцэра» асудзілі да 2,5 гадоў калоніі

4 красавіка ў Брэсцкім абласным судзе вынеслі прысуд палітвязню Дзянісу Карабану, затрыманаму за каментар у інтэрнэце пасля гібелі Андрэя Зельцэра. Мужчыну асудзілі да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым паводле арт.130 Крымінальнага кодэкса.

karaban_dzianis1.jpg

Прысуд вынесла суддзя Кацярына Груда. Бок дзяржабвінавачання падтрымаў Аляксандр Жэшка.
Дзяніса пачалі судзіць 9 лютага 2022 года. Палітвязню паставілі ў віну тое, што 28 верасня 2021 года ў суполцы ВКонтакте "ПЛОХИЕ НОВОСТИ БЕЛАРУСЬ" ён пакінуў каментар: "А*уенчик, давно пора валить их".
Абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну на судзе. Аднак у далейшым на ўдакладняючыя пытанні не прызнаў падахвочванні да распальвання варожасці. Судова-псіхалагічная экспертыза пацвердзіла ўскосную накіраванасць каментара да падахвочвання да гвалтоўных дзеянняў у адносінах сацыяльнай суполкі.
На паседжанні 23 лютага дзяржабвінаваўца папрасіў пакараць Дзяніса Карабана 2,5 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Аднак падчас апошняга слова ў палітвязня выявілася істотнае несупадзенне з ягонай ранейшай пазіцыяй: ён сказаў, што ўспрымаў людзей у чорным на відэа як бандытаў, аднак з самага пачатку на судзе пасля ўдакладняючых пытанняў ён прызнаваў, што "на момант напісання каментару усведамляў, што гэта праваахоўнікі".
Пасля гэтага суддзя аднавіла судовае следства, падчас якога абвінавачаны прызнаў: ён усведамляў, што каментар тычыцца праваахоўнікаў. Пасля гэтага Аляксандр Жэшка паўтарыў, што просіць пакараць абвінавачанага 2,5 гадамі пазбаўлення волі, суддзя Кацярына Груда пагадзілася з тэрмінам і вынесла менавіта такі прысуд.
Гэта другі вядомы прысуд па так званай "справе Зельцэра". Першы быў вынесены ў студзені 2022 года. У Магілёве суддзя суда Ленінскага раёна Таццяна Рахманенка асудзіла 45-гадовага жыхара горада Аляксандра Гаўрыленку да двух гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафу ў 100 базавых велічынь за абразлівыя каментары ў адрас супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка, забітага Андрэем Зельцэрам. Што характэрна, справу Аляксандра Гаўрыленкі разглядалі паводле аднаго артыкула Крымінальнага кодэкса — публічная абраза прадстаўніка ўлады. У той час як каля сотні затрыманых па гэтай справе інкрымінуецца адразу два артыкулы КК — 369 і 130 (распальванне сацыяльнай варожасці).