Палітзняволенай выкладчыцы Наталлі Дулінай узмацнілі абвінавачанне. Ёй пагражае да шасці гадоў

Палітзняволенай Наталлі Дулінай узмацнілі абвінавачанне. Цяпер былой выкладчыцы МДЛУ інкрымінуюць «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

photo_2022_11_17_18_55_29.jpg

Паводле інфармацыі «З*ркала», ёй выставілі абвінавачванне паводле арт. 361-4 КК — цяпер выкладчыцы пагражае да 6 гадоў зняволення.

Наталлю затрымалі 3 кастрычніка ў межах крымінальнай справы за ўдзел у пратэстах (арт. 342 КК) і змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна. Затрымлівалі яе мінімум шэсць сілавікоў. Да гэтага цягам года Наталлю затрымлівалі чатыры разы і судзілі па палітычна матываваных адміністрацыйных артыкулах.

15 лістапада Дуліна сустрэла за кратамі сваё 58-годдзе.

Наталля Дуліна — былы дацэнт кафедры італьянскай мовы, лічыцца адным з найлепшых спецыялістаў па італьянскай мове ў Беларусі. Наталля Дуліна падтрымала страйк і пратэсты студэнтаў. Была таксама сяброўкай Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі. У 2020 годзе яна адседзела 14 сутак адміністрацыйнага арышту па артыкуле за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і была звольнена з МДЛУ. Усяго з 2020 года яе затрымлівалі пяць разоў, гэта — ужо шосты.