Пра стан палітвязня Мікіты Емяльянава, які галадаў у магілёўскай турме, нічога невядома ўжо тыдзень

Палітвязень Мікіта Емяльянаў абвясціў галадоўку ў магілёўскай турме 3 лютага. Пра стан вязня няма інфармацыі ўжо тыдзень.

mikita_emjaljanau_1.jpg

Маці Мікіты Емяльянава, які абвясціў галадоўку ў карцары, распавяла журналістам Св*боды, што «два тыдні пасылка праляжала на пошце»

Першыя 10 дзён Мікіта правёў на «сухім» галадаванні. Калі яму стала зусім блага, пачаў піць ваду. Апошняя інфармацыя пра яго была вядомая на 16 лютага. Тады ён усё яшчэ адмаўляўся ад ежы, моцна схуднеў.

Ці галадуе Мікіта далей, невядома. Сувязь з ім адсутнічае. Калі так, то 23 лютага ідзе 21-ы дзень галадоўкі.

У гэты дзень адвакат Емяльянава меўся наведаць яго ў турме і спраўдзіць ягоны стан. Але сувязь з адвакатам адсутнічае з 22 лютага, расказала маці Настасся Емяльянава.

Таксама яна паведаміла пра дзіўную сітуацыю з 50-кіляграмовай пасылкай для сына, якая яму належыць па законе. Сям’я адправіла пасылку 8 лютага, 10 лютага яна паступіла ў патрэбнае паштовае аддзяленне Магілёва. Аднак супрацоўнікі турмы забралі яе толькі амаль праз 2 тыдні, 23 лютага. Пра гэта маці даведалася на сайце Белпошты, калі адсочвала пасылку па трэк-кодзе.

«Звычайна пасылкі з гэтага паштовага аддзялення турэмнікі не забіраюць 3-5 дзён пасля паступлення», — адзначыла Настасься Емельянава.

На пошце патлумачылі, што некалькі разоў пасылалі ў турму апавяшчэнні, каб забралі пасылку.

Мікіту да 23 лютага пакаралі карцарам. Пакуль ён у карцары, яму асабіста не могуць перадаць ні пасылкі, ні перадач, ні лістоў. Агулам Емяльянаў правёў у карцары запар 38 дзён, а за ўвесь свой тэрмін за кратамі — амаль 5 месяцаў агулам.

Настасся Емяльянава напісала скаргу ва ўпраўленне Дэпартаменту выканання пакаранняў Магілёўскай вобласці наконт катаванняў у дачыненні да Мікіты, пазней — у вышэйшыя інстанцыі. Аднак адказу дагэтуль не мае.

Мікіту Емяльянаву 21 год. Ён былы студэнт БНТУ. Яго затрымалі 20 кастрычніка 2019 году за акцыі салідарнасці з палітвязнямі. Ён атрымаў 4 гады калоніі, летась яго перавялі на больш жорсткі рэжым у магілёўскую турму.

Емяльянава часта караюць карцарам або штрафным ізалятарам, за ўвесь тэрмін — амаль 5 месяцаў. 3 лютага ён пачаў другую доўгую галадоўку. Першую трымаў увосень 2021 года, каб да яго пусцілі святара. Урэшце яго двойчы наведаў каталіцкі біскуп.

Ягонага паплечніка Івана Комара выпусцілі на волю па ўмоўна-датэрміновым вызваленні раней за канец тэрміну.