Яшчэ 8 зняволеных прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітвязнямі

Праваабаронцы ў адмысловай заяве прызналі яшчэ 8 зняволеных палітвязнямі — гэта Ганна Пышнік, Андрэй Уткін, Віктар Кулінка, Ірына Абдукерына, Алег Барадзін, Іван Яснікаў, Мікіта Слепянок, Віктар Бедрый. Цяпер у краіне 1133 палітвязні

palitvjazni_1133.jpg

Праваабаронцы адзначылі, што пазбаўленне волі і крымінальная адказнасць за розныя пратэсныя дзеянні выкарыстоўваецца ўладамі дзеля падаўлення грамадскай і палітычнай актыўнасці, іншадумства і антываенных выступаў.

Крымінальнае заканадаўства, адзначаюць праваабаронцы, зрабілася істотна больш жорсткім і дапоўнена новымі складамі злачынстваў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій. У пазасудовым парадку МУС і КДБ адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, што аб'яднаныя грамадскімі ці палітычнымі інтарэсамі, крытыкуюць дзеянні ўлад і патрабуюць змен у дзяржаве і палітыцы, якую яна праводзіць. Гэта, у сваю чаргу, адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў.