Прыгаворваць да расстрэлу будуць на закрытых судах

Ужыванне смяротнага пакарання хочуць пашырыць. За што цяпер у Беларусі даюць вышэйшую меру, як выконваюць прысуды і чаму нам далёка да ЗША.

img_2820_logo_1.jpg


Летась парламент разглядаў папраўкі ў крымінальны закон. Меркавалася, што ў Беларусі можа быць адменена смяротнае пакаранне. Гэта была ініцыятыва Следчага камітэта, яшчэ да палітычнага крызісу. У выніку гэта прапанова да галасавання не дайшло.
Цяпер дэпутаты выступілі за пашырэнне расстрэлаў — за замах на тэрарызм. "Салідарнасць" распавядае, за што ў Беларусі даюць вышэйшую меру, у якіх умовах утрымліваюць прысуджаных да расстрэлу, як выконваюць прысуды і чаму нам далёка да ЗША, дзе таксама ёсць смяротнае пакаранне.

За што ў Беларусі даюць смяротнае пакаранне?

13 артыкулаў Крымінальнага кодэкса прадугледжваюць смяротнае пакаранне, але ў кожным выпадку ёсць і альтэрнатыўныя пакаранні. Часцей за ўсё расстрэльваюць за забойствы з асаблівай жорсткасцю двух і больш чалавек. Вядома толькі адно выключэнне — справа Канавалава-Кавалёва, звязаная з выбухам у мінскім метро.
І хоць кожная справа мае свае асаблівасці, ёсць і агульныя рысы: п'яныя мужчыны, якія ўжо былі раней асуджаныя, забіваюць сваіх родных ці знаёмых на фоне працяглых бытавых канфліктаў або хатняга гвалту. І гэта паказвае, што ў Беларусі сур'ёзныя праблемы з прафілактыкай злачыннасці.
Па законе да смяротнага пакарання не могуць быць прысуджаныя жанчыны (для іх максімальны тэрмін – 25 гадоў), падлеткі да 18 гадоў і мужчыны, якім на момант пастановы прысуду споўнілася 65.
Калі экспертыза ўсталюе, што абвінавачваны быў у стане поўнай адсутнасці памяці на момант здзяйснення злачынства, яго накіруюць на прымусовае лячэнне. Калі ў асуджанага выяўленыя прыкметы псіхічнага разладу, выкананне смяротнага прысуду прыпыняецца. Калі чалавек здаравее, пытанне вырашаецца паўторна —прызначыць яму зноў расстрэл або альтэрнатыўнае пакаранне.
Расстрэлаў палітвязняў у Беларусі пакуль не было. Але дэпутаты выступілі за пашырэнне выпадкаў прымянення смяротнага пакарання. Яго могуць увесці за замах на акт тэрарызму. Парламент ужо прыняў у двух чытаннях законапраект, яго таксама ўхваліў Савет Рэспублікі. Зараз дакумент павінен разгледзець Аляксандр Лукашэнка.
— Смяротнае пакаранне будзе магчымае не толькі ў выпадку скончанага злачынства, – тлумачыць «Салідарнасці» праваабаронца Павел Сапелка. – Але і за замах, то-бок, калі былі ўчыненыя наўмысныя дзеянні або бяздзейнасць асобы, непасрэдна накіраваныя на здзяйсненне злачынства, але пры гэтым злачынства не было даведзена да канца па незалежных ад гэтай асобы абставінах.
Улічваючы бязмежнасць фантазій і навыкі правакацый у спецслужбаў, тонкую грань паміж падрыхтоўкай і замахам, адсутнасць працэсуальных межаў у спосабаў здабычы доказаў ва ўмовах прававога крызісу, мы дакладна будзем сведкамі накіравання ў суд спраў, па якіх з новымі нормамі стала верагодным прызначэнне смяротнага пакарання.
Высокая верагоднасць, што такія справы будуць разглядаць у закрытым рэжыме (так за тэрарызм ужо судзілі анархістаў), гэта значыць ні родныя, ні грамадскасць не пазнаюць дэталяў.
Важны момант — закон не мае зваротнай сілы, таму хоць улады і тлумачаць, што змены рыхтаваліся пад затрыманых "партызанаў" на чыгунцы, іх не могуць прысудзіць да расстрэлу. Змены закрануць тых, хто зробіць "замах" ужо пасля таго, як закон уступіць у сілу.

330 чалавек было расстраляна па прысудзе суда за гісторыю незалежнай Беларусі


Пажыццёвае зняволенне атрымалі больш за 180 асуджаных.
Больш за ўсё смяротных прысудаў прыйшлося на 1997 і 1998 гады. У 1997-м да смяротнага пакарання прысудзілі 46 чалавек, у 1998-м — 47. Колькасць забойстваў у гэтыя гады дасягнула рэкорднай адзнакі: былі забітыя каля 500 чалавек. Злачынцаў не спыніў той факт, што за гэта могуць расстраляць. Не спыняе ён іх і сёння.
У канцы 90-х у крымінальным заканадаўстве з'яўляецца новы від пакарання — пажыццёвае зняволенне як альтэрнатыва расстрэлам. Колькасць смяротных прысудаў адразу ж пачала скарачацца.
Параўнайце: у 1998-м было вынесена 47 смяротных прысудаў і 3 пажыццёвых, у 1999-м — 13 смяротных і 29 пажыццёвых.
Пры гэтым колькасць забойстваў скарачалася не так хутка: да 2006 года мы мелі практычна стабільную лічбу — каля 500 чалавек у год. У 2021 годзе, па даных МУС, у Беларусі было здзейснена 317 забойстваў і замахаў на забойства.

Ці могуць памілаваць асуджанага?

Большасць асуджаных звяртаюцца з прашэннем аб памілаванні на імя прэзідэнта. Вядома пра тры выпадкі, калі па рашэнні Лукашэнкі чалавеку замянілі расстрэл на працяглы тэрмін зняволення.
Першы выпадак — справа Дзмітрыя Хархаля, які ў 1994 годзе забіў двух чалавек у Мінску. Смяротнае пакаранне яму замянілі на 15 гадоў калоніі (да 1998 года гэта быў максімальны тэрмін, іншай альтэрнатывы расстрэлу не існавала).
Летась Лукашэнка памілаваў братоў Іллю і Станіслава Косцевых, якія ў красавіку 2018 года жорстка забілі суседку і, хаваючы сляды злачынства, падпалілі яе дом. Ім замянілі расстрэл на пажыццёвы тэрмін.
Кожную справу разглядае спецыяльная камісія па памілаванні, куды ўваходзяць прадстаўнікі сілавых структур, Вярхоўнага суда, Мінюста, адвакатуры і навукоўцы, аднак канчатковае рашэнне – за Лукашэнкам.
Пра рашэнне асуджаным паведамляюць непасрэдна перад расстрэлам. Гэта і з'яўляецца адпраўной кропкай да выканання прысуду.

У якіх умовах утрымліваюць асуджаных да пакарання смерцю?

Камеры для "смяротнікаў" знаходзяцца ў старым корпусе следчага ізалятара № 1 Мінска, так званай Валадаркі. Сюды абвінавачаных дастаўляюць пасля таго, як ім быў абвешчаны прысуд. Камеры размешчаны ў падвальным памяшканні — спецкалідоры, які ізаляваны ад асноўнага. Доступ сюды мае абмежаваную колькасць ахоўнікаў.
Падрабязную інфармацыю аб тым, як утрымліваюцца прысуджаныя да расстрэлу, у МУС не выдаюць.
Але з кнігі Славаміра Антонавіча "Вязні Пішчалава замка" (працаваў у Генпракуратуры і Вярхоўным судзе) вядома, што ў спецкалідоры прыкладна 15 двухмесных маленькіх камер. Невялікае акно затулена мохам і не толькі кратамі, але і тоўстым лістом жалеза з невялікімі дзірачкамі для вентыляцыі. Вокны камер "смяротнікаў" выходзяць ва ўнутраны двор СІЗА.
Абстаноўка ў камеры мінімальная нават па турэмных мерках. Мець тэлевізар, кіпяцільнік, брытву, як у астатніх камерах, не паложана. Ежу падае ў камеру праз дзвярное акенца не хозабслуга з асуджаных, як у іншых сектарах ізалятара, а ахоўнік. Прагулка для "смяротнікаў" не прадугледжаная. Кожны дзень у камеры праводзіцца ператрус.
Прысуджаным выдаюць турэмную робу, на якой напісана "ИМН" — выключная мера пакарання, прычым выдаюць яе яшчэ да таго, як прысуд уступіў у законную сілу.
Асуджаныя маюць права на сустрэчы з адвакатам, са святаром (праўда, з пачаткам ковіда іх перасталі пускаць у СІЗА), а таксама атрымліваць і адпраўляць лісты.
Кароткатэрміновае спатканне з сваякам дазволена раз у месяц. Пасылку можна атрымаць раз у тры месяцы. Сваякі могуць перавесці на рахунак асуджанага грошы (да чатырох базавых велічынь, на сёння гэта 128 рублёў), на якія ён можа купіць сабе прадукты.

Як выконваюць смяротны прысуд?

Ні асуджаны, ні яго родныя не ведаюць, калі будзе выкананы прысуд. Як паказвае практыка, з моманту, калі прысуд уступае ў сілу, да моманту расстрэлу праходзіць менш за год. Кавалёва і Канавалава, якіх прызналі вінаватымі ў выбуху ў мінскім метро, расстралялі праз чатыры месяцы пасля абвяшчэння вердыкту.
Пасля таго, як прысуд уступае ў сілу, асуджаныя могуць звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН. Камітэт паведамляе Міністэрству замежных спраў Беларусі аб тым, што разглядае зварот грамадзяніна, і просіць прыпыніць на гэты перыяд выкананне прысуду. Аднак ва ўсіх выпадках дадзеная просьба беларускімі ўладамі была праігнараваная. Асуджаныя былі расстраляныя да таго, як КПЧ паспеў абвясціць сваё рашэнне.
Смяротнае пакаранне ў Беларусі спаўняецца непублічна, у сценах СІЗА на Валадарскага, шляхам расстрэлу. У адзін дзень могуць расстраляць адразу некалькіх прысуджаных. Як паказвае практыка, так звычайна і адбываецца.
Само выкананне прысуду праводзіцца асобна па кожным чалавеку, гэта значыць іншыя асуджаныя не павінны бачыць, як расстрэльваюць іх суседа па спецкалідоры.
Пры выкананні смяротнага пакарання прысутнічае не толькі кат, але таксама пракурор, начальнік СІЗА і лекар. Па дазволе пракурора дапусціць могуць і іншых асоб.
Пракурор перад выкананнем прысуду высвятляе асабістыя даныя асуджанага, зачытвае рашэнне аб адхіленні прашэння аб памілаванні. Далей асуджанага адводзяць за дзверы, дзе непасрэдна і адбываецца расстрэл. Смерць асуджанага канстатуе лекар, які ўваходзіць у «пакой расстрэлу» пасля таго, як прагучаў стрэл. З ім заходзіць і пракурор.
Былы начальнік СІЗА № 1 Мінска Алег Алкаеў быў кіраўніком расстрэльных груп. Паводле яго слоў, кіраўнік не з'яўляецца непасрэдным выканаўцам, аднак ён прысутнічае пры расстрэле: аддае каманды. У інтэрв'ю Алкаеў заяўляў, што прысуд выконвалі са спецыяльнага пісталета 6ПБ9 — ён прыстасаваны для бясшумнага стрэлу, сіла стрэлу разлічаная такім чынам, каб куля не прайшла навылёт. Кулю здабываюць, калі расстраляны знаходзіцца ў моргу.
Персанальны склад расстрэльнай групы не выдаецца. Нават родныя катаў могуць не ведаць, чым канкрэтна тыя займаюцца на працы.

Ці могуць сваякі развітацца з асуджаным?

Не могуць, таму што працэдура па законе такая: адміністрацыя СІЗА паведамляе суду, які вынес смяротны прысуд, аб яго выкананні. Суд, у сваю чаргу, паведамляе аднаму з блізкіх сваякоў.
Родным паведамляюць толькі дату расстрэлу, вяртаюць асабістыя рэчы асуджанага — былі выпадкі, калі дасылалі турэмную робу. Цела не выдаюць, пра месца пахавання не паведамляюць. Гэтая практыка яшчэ савецкіх часоў, дзе, як вядома, расстрэлы былі пастаўленыя на паток.
У кнізе Славаміра Антонавіча адзначаецца, што "смяротнікаў" хаваюць на адным з нумарных участкаў адных з гарадскіх могілак разам з бамжамі і іншымі неапазнанымі асобамі.
У Беларусі няма праграм па адаптацыі сваякоў "смяротнікаў". Таксама няма праграм па падтрымцы сваякоў ахвяр. Па сутнасці, і з таго, і з іншага боку людзі застаюцца адзін на адзін са сваёй праблемай.
Для параўнання — у Кітаі чалавек, асуджаны на смяротнае пакаранне, ведае дату расстрэлу. Ён можа развітацца з роднымі, папрасіць выканаць яго апошняе жаданне. Такая ж практыка і ў ЗША. А ў Іране смяротнае пакаранне можа быць адмененае па патрабаванні пацярпелага боку, які гатовы дараваць злачынцу.

Па прысудзе суда забіваюць не толькі ў нас?

Беларусь — апошняя краіна не толькі ў Еўропе, але і на ўсёй постсавецкай прасторы, дзе ад імя грамадзян краіны працягваюць расстрэльваць людзей. Нават у Туркменістане, дзе з правамі чалавека сітуацыя яшчэ горшая, чым у нас, ад смяротнага пакарання адмовіліся яшчэ ў 1999 годзе.
Аднак ёсць і дэмакратычныя краіны, дзе вышэйшая мера ўсё яшчэ захоўваецца (напрыклад, ЗША, Японія, Сінгапур). Беларускія ўлады, у першую чаргу, ківаюць на амерыканцаў, маўляў, не ім нас вучыць дэмакратыі.
Але вось што трэба ведаць. У ЗША смяротнае пакаранне практыкуецца ў 27 з 50 штатаў. Нават калі смяротныя прысуды выносяць, у многіх штатах іх не прыводзяць у выкананне. За 2020 год было пакарана 17 чалавек, а ў камерах смяротнікаў знаходзілася больш за 2,5 тысячы, некаторыя сядзяць дзесяцігоддзямі, спрабуюць абскардзіць прысуд. У 2014 годзе асуджаны Глен Форд, які 25 гадоў чакаў выканання смяротнага прысуду за забойства, выйшаў на волю пасля зняцця абвінавачванняў — і гэта не адзіны выпадак, і такіх прыкладаў — сотні. Пры гэтым для смяротнага пакарання ў ЗША няма выключэнняў для жанчын і пажылых мужчын.
У Беларусі, яшчэ ў савецкі час, быў выпадак, калі невінаватага расстралялі па прысудзе суда — па знакамітай справе маньяка Міхасевіча (яшчэ 13 невінаватых атрымалі турэмныя тэрміны). Гэта стала вядома праз шэсць гадоў, калі затрымалі сапраўднага злачынцу. За гэты час Міхасевіч забіў яшчэ 21 жанчыну, яго не спыніла пагроза смяротнага пакарання, пра якую ён добра ведаў, бо хадзіў на працэсы, дзе за яго злачынствы судзілі невінаватых.