Прысуд журналісткам Андрэевай і Чульцовай пакінулі без змен — 2 гады калоніі

23 красавіка ў Мінскім гарадскім судзе прайшоў разгляд апеляцыі на прысуд журналісткам «Белсата» Кацярыне Андрэевай і Дар'і Чульцовай, паведамляе «Еўрарадыё».

sud_anreeva_czulcova._fota_dzmitryja_dzmitryeva__9__logo_1_1.jpg

У лютым 2021-га суд Фрунзенскага раёна Мінска (суддзя Наталля Бугук) асудзіў іх на 2 гады калоніі агульнага рэжыму за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». 15 лістапада 2020 года ў доме на «Плошчы Перамен» у Мінску яны вялі стрым з разгону мірнай вулічнай акцыі памяці забітага пратэстоўца Рамана Бандарэнкі.
Андрэева і Чульцова сваёй віны не прызналі. Яны прызнаныя палітзняволенымі.
Абарона падкрэслівала падчас разгляду апеляцыі, што віна журналістак не даказаная, што яны проста рабілі сваю працу.
Пракурор Вольга Герасімовіч заявіла, што «від і памер пакарання з'яўляецца абгрунтаваным і справядлівым». Яна папрасіла пакінуць рашэнне суда без змен, а скаргу пакінуць без задавальнення. Што і адбылося.
Журналісткі не ўдзельнічалі ў разглядзе апеляцыі — суд адхіліў хадайніцтвы аб іх асабістым удзеле.