Стрыжак — пра заяву КДК: B*SOL не выкарыстоўвае крыптаабменнікі

Сузаснавальнік прызнанага ўладамі экстрэмісцкім фонда B*SOL абверг сённяшнюю заяву Камітэта дзяржкантроля пра выкрыццё крыптаабменніка для «фінансавання пратэстаў».

Андрэй Стрыжак. Фота Еўрарадыё

Андрэй Стрыжак. Фота Еўрарадыё

Таксама Андрэй Стрыжак заявіў, што базы данатараў фондаў у бяспецы.
Ён пракаментаваў заяву Камітэта дзяржкантроля парталу «Зеркало».
«Органы ўжо даўно заявілі аб выкрыцці нейкага крыптаабменніка. Чаму яны праз некалькі месяцаў зноў пра яго ўспомнілі і выдаюць за эксклюзіў, незразумела. Магчыма, такім чынам яны жадаюць падкрэсліць сваё значэнне. Тады спецыяльна для іх адзначу, што B*SOL у прынцыпе не карыстаецца крыптаабменнікамі. З нашага боку забяспечана поўная бяспека ахвярадаўцаў», — сказаў Стрыжак.
Нагадаем, сёння Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю паведаміў, што спыніў дзейнасць крыптаабменніка, які выкарыстоўвалі для пераводу грашовых сродкаў з-за мяжы ў Беларусь. Нібыта ўстаноўлены грамадзяне і арганізацыі, якія «ажыццяўлялі фінансаванне пратэснай дзейнасці».