Што не так са зборам подпісаў «супраць прапаганды гомасексуалізму»?

Праект пра гендар і сексуальнасць MAKEOUT назваў кампанію каталіцкіх вернікаў па зборы подпісаў супраць прапаганды гомасексуалізму «атакай на правы ЛГБТ-людзей у Беларусі». Аднак нязгоду з кампаніяй выказваюць не толькі абаронцы правоў ЛГБТ, але і вернікі.

58ecdbe2c2e962e11df1ffdb91c5d803_xl.jpg

«Хопіць будаваць сцяну паміж людзьмі!»


Прадстаўнікі праекта MAKEOUT звярнуліся з адкрытай заявай з нагоды збору подпісаў супраць ЛГБТ-прапаганды.
«Сёння фонд "Адкрытыя сэрцы" патрабуе ўвядзення крымінальнай адказнасці для ЛГБТ-людзей. Гэтае патрабаванне падтрымаў кіраўнік каталіцкай царквы Беларусі Кандрусевіч. Ініцыятыва сабрала 52 тысячы подпісаў. Нам кажуць: "Мы абараняем нашых дзяцей". Мы — таксама дзеці. Дзеці, якіх цкуюць. Дзеці, ад якіх адмовіліся.
Мы — таксама бацькі, і нашы дзеці хочуць жыць без страху за сябе і сваю сям'ю.
Нам кажуць: "Беларусы падзяляюць нашу ініцыятыву". Мы — таксама беларусы, мы плацім падаткі, вучымся і працуем у гэтай краіне.
Мы — дочкі і сыны, суседзі і калегі.
Нам кажуць, што подпісы ставілі праваслаўныя і каталікі. Мы — таксама вернікі. Мы ходзім у цэрквы і касцёлы, хопіць рабіць выгляд, што ЛГБТ-прыхаджан не існуе.
50 тысяч подпісаў — гэта шмат. Але калі нас менш, ці значыць гэта, што ў нас няма правоў? Калі ЛГБТ-людзей менш, ці можна адмаўляць іх існаванне і гаварыць пра іх як пра "людзей другога гатунку"?
Хопіць будаваць сцяну паміж людзьмі!
Мы звяртаемся да ўдзельнікаў гэтай ініцыятывы: перастаньце распальваць нянавісць.
Мы звяртаемся да грамадзянскай і праваабарончай супольнасці Беларусі: адрэагуйце на дыскрымінацыю, гэта датычыць кожнага.

Мы звяртаемся да ўрада Беларусі: нам патрэбны антыдыскрымінацыйны закон, які абароніць правы ўсіх грамадзян без выключэння», — тлумачаць сваю пазіцыю абаронцы правоў ЛГБТ.


«Зварот да ўладаў без прапановаў — безадказнасць»


Некаторыя вернікі таксама выказваюць нязгоду з кампаніяй по зборы подпісаў. У прыватнасці, краязнаўца і каталік Кастусь Шытальадзначае, што прынцыпова не падпісваў зварот.

«Па-першае, мяне ўразіў несур'ёзны падыход арганізатараў. Яны проста не распрацавалі (!) прапановаў зменаў у законы. Вы гэта ўяўляеце? 52.000 подпісаў і падтрымка каталіцкага мітрапаліта... ні пад чым.
Калі журналісты спыталі ва Уладзіслава Валаховіча, галоўнага ініцыятара збору, якую адказнасць і за якія дзеянні ён прапануе ўвесці, той не адказаў нічога канкрэтнага (!).
Я не магу ставіць свой подпіс не ведаючы пад чым.
Па-другое, людзі, якія кіруюць беларускай дзяржавай — не веруючыя, і нават не ў хрысціянскай культуры выхаваныя. Пра хрысціянскі светапогляд, хрысціянскія сямейныя каштоўнасці яны маюць цьмянае ўяўленне.
А вы пішаце гэтым некампетэнтным людзям зварот, і просіце, каб яны нешта там "по своему усмотрению" распрацавалі і прынялі. А яны могуць такое прыняць, што мы ад гэтай дурноты плявацца будзем.
Без канкрэтнага, распісанага па пунктах, законапраекта, да беларускай улады нельга ісці. Іначай гэта безадказнасць, у якой я не магу ўдзельнічаць.
Па-трэцяе, "прапаганда гомасексуалізму" ёсць занадта размытым паняццем. І яно можа стаць дамоклавым мячом, які завісне над беларускай недзяржаўнай прэсай.
Журналісты не могуць не пісаць пра гомасексуальных асобаў. Не можа быць такога, каб нейкая з'ява ў грамадстве была, а пісаць пра яе было нельга. Я сто разоў не падтрымліваю лад жыцця ЛГБТ-асобаў, і заўсёды пра гэта казаў і буду казаць. Але я хачу ведаць, што яны кажуць, што яны думаюць, што ім баліць, і што іх абурае. Яны жывуць у адным грамадстве са мной, і я павінен іх разумець.
А яшчэ журналісты крытыкуюць уладу, пішуць пра грамадскія праблемы, бо гэта іх місія і пакліканне. І я не хачу, каб дзяржава ўжывала карныя захады супраць выданняў і журналістаў, няўгодных уладам, прыпісваючы ім "прапаганду гомасексуалізму", калі тыя нейкае інтэрв'ю з геем або лесбіянкай апублікавалі.
Як сябра БАЖ, і як чалавек, які чатыры гады адпрацаваў журналістам і спазнаў на сваёй скуры стаўленне ўлады да прэсы — я не маю права падтрымліваць закон, які дасць уладам болей нагодаў душыць прэсу.
І апошняе, галоўнае. Пагрозу сямейным каштоўнасцям у Беларусі нясе не толькі "прапаганда гомасексуалізму". З усіх шматлікіх чыннікаў, якія разбураюць сямейныя традыцыі беларусаў, гэты можа найменш сур'ёзны. Сям'я ёсць Божым устанаўленнем, і моцныя, здаровыя сем'і будуць у тым грамадстве, якое мае хрысціянскі погляд на сям'ю, на сексуальную мараль, на шлюбную прысягу і мэты шлюбу.
Я не ўяўляю, як "забарона прапаганды гомасексуалізму" зможа навучыць беларускую моладзь будаваць здаровыя сем'і.
А якраз над гэтым, над выхаваннем у моладзі базавых, неабходныя для сямейнага жыцця каштоўнасцяў - любові, узаемапавагі, ахвярнасці, вернасці, стрыманасці ў сексуальнай сферы — беларускім хрысціянам, беларускім цэрквам трэба працаваць», — мяркуе Кастусь Шыталь.