У Брэсце адбыўся самы хуткі суд па «карагоднай справе». Лёс абвінавачаных вырашылі менш чым за гадзіну

Суд у Брэсце 17 траўня разгледзеў справу чарговых фігурантаў «карагоднай справы». На лаве падсудных былі Андрэй Уласаў і Юлія Сувалка. Абодвух абвінавачвалі па ч. 1 арт. 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

vodomet1_1.jpg


Судовае пасяджэнне ўзначаліў камандзіраваны з Жабінкі суддзя Віктар Новік, паведамілі праваабаронцы.

Згодна з версіяй абвінавачвання, Андрэй Уласаў і Юлія Сувалка ў групе з іншымі асобамі наўмысна «ўзялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Нібыта іх дзеянні былі спалучаныя з непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі за сабой парушэнне працы транспарту, арганізацый і прадпрыемстваў.

Акурат такую ж фармулёўку абвінавачвання прымяняюць і ў дачыненні да іншых фігурантаў «карагоднай справы». То-бок, Андрэй і Юлія выключэннем не сталі. Тым не менш, асаблівасць у гэтага суда была. Гэта быў самы хуткі суд над фігурантамі «карагоднай справы», які скончыўся менш чым праз гадзіну.

Падчас спрэчак пракурорка Алена Ціхановіч прасіла суд прызнаць Андрэя Уласава і Юлію Сувалку вінаватымі ў здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 342 і прызначыць кожнаму па 3 гады «хатняй хіміі» — абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Суддзя Віктар Новік доўга не думаў, і менавіта такое пакаранне і прызначыў.

«Карагоднай справай» называюць прысуды ўдзельнікаў Марша герояў, які адбыўся ў Брэсце 13 верасня 2020 года. Падчас гэтага марша прысутныя слухалі музыку, спявалі песні, танчылі, смяяліся. Усяго на тым маршы было больш за тысячу чалавек. Выглядала ўсе як фестываль. Праз некаторы час сілавікі пачалі агрэсіўна разганяць прысутных і паліваць іх з вадамёта. Гэта адбылося каля 17 гадзін на скрыжаванні праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў.

Гэта самы маштабны палітычна матываваны працэс у сучаснай Беларусі. На сёння прысуды па «карагоднай справе» вынеслі 129 чалавекам.