У Гомелі вынеслі прысуд непаўналетняму палітвязню за напад на супрацоўніка СІЗА

У Гомелі вынесены прысуд 17-гадоваму Мікіту Залатарову, абвінавачанаму ў нападзе на супрацоўніка СІЗА. Суд прызначыў яму пакаранне — паўтара года пазбаўлення волі, што ў сукупнасці з тэрмінам, да якога Мікіта быў прысуджаны па справе аб масавых беспарадках і «кактэйлях Молатава», складзе 4 гады і 6 месяцаў з адбываннем у выхаваўчай калоніі.

nikita_zolotarev_gomel_sud.jpg


У лютым падлетка асудзілі па справе аб «кактэйлях Молатава» і прысудзілі да 5 гадоў выхаваўчай калоніі. У гэты раз Мікіту Залатарову выставілі абвінавачанне па артыкуле 364 КК РБ «Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў». Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае да шасці гадоў пазбаўлення волі, піша Zerkalo.io са спасылкай на «Моцныя навіны».

Суд над падлеткам пачаўся 7 ліпеня. Мікіта Залатароў віну прызнаў, але дадаў, што абразлівыя словы прамовіў на эмоцыях.

Сёння ў судзе прайшлі спрэчкі бакоў.

Дзяржаўны абвінаваўца заявіў, што віна Мікіты Залатарова цалкам даказаная, і запытаў для яго 2 гады пазбаўлення волі.

Адвакат Сяргей Красноў, які абараняе Мікіту ўжо ў другі раз, адзначыў, што перыяд працяглага знаходжання непаўналетняга Залатарова пад вартай, яго стан здароўя, несумненна, наклалі адбітак на псіхаэмацыйны стан падлетка.

Адвакат хадайнічаў аб прызначэнні свайму падабароннаму мінімальнага пакарання, меркаванага па гэтым артыкуле, а таксама аб памяншэнні памеру кампенсацыі маральнай шкоды, запатрабаванага пацярпелымі.

У апошнім слове Мікіта Залатароў сказаў: «Прашу строга мяне не караць. Хачу папрасіць прабачэння перад пацярпелымі: я проста не справіўся з эмоцыямі. Прашу суд пакінуць мне той тэрмін, які ў мяне ўжо ёсць».

Суд Цэнтральнага раёна пастанавіў прызнаць Мікіту Залатарова вінаватым у здзяйсненні злачынства па артыкуле 364 КК РБ і прызначыць яму пакаранне — паўтара года пазбаўлення волі, што ў сукупнасці з тэрмінам, да якога Мікіта быў прысуджаны па справе аб масавых беспарадках і «кактэйлях Молатава», складзе 4 гады і 6 месяцаў з адбываннем у выхаваўчай калоніі.

Памер кампенсацыі маральнай шкоды ў 1000 рублёў, якую запатрабавалі абодва пацярпелыя, суд вырашыў зменшыць да 500 рублёў кожнаму.