У Горадні ліквідуюць «Польску Матэж Школьну» — адну з найстарэйшых польскіх арганізацый у Беларусі

«Польска Матэж Школьна» займаецца адукацыяй, яе школа ў Горадні на вуліцы Гараднічанскай была адной з самых вялікіх польскіх грамадскіх школ у свеце. Пра ліквідацыю арганізацыі паведамляе тэлеграм-канал «Права маюць».

photo_2022_09_13_11_00_39.jpg

Рэпрэсіі супраць «Польскай Мацежы» пачаліся ў 2021 годзе. Тады за «незаконную дзейнасць у сферы адукацыі» арганізацыю пакаралі штрафам 300 000 рублёў, падатковая далічыла яшчэ 500 000 нібыта недаплаты падаткаў.

Акрамя таго, арганізацыю прымусілі рэгістраваць новую юрасобу для адукацыйнай дзейнасці.

Рашэнне пра ліквідацыю Вярхоўны суд можа прыняць ужо сёння, нягледзячы на тое, што на гэтым тыдні пры «Польскай Матэжы школьнай» павінен быў пачацца новы навучальны год.

Пасля падзей 2020 года рэжым Лукашэнкі паслядоўна вынішчае любыя праявы польскасці ў Беларусі. Руйнуюцца могілкі ваяроў Арміі Краёвай, загінулых падчас Другой сусветнай вайны. Ліквідуюцца і да таго нешматлікія польскія школы і грамадскія арганізацыі. У межах «справы палякаў» закратаваны журналіст Анджэй Пачобут, Анджаліка Борыс утрымліваецца пад хатнім арыштам, а іншых фігурантаў прымусілі пакінуць Беларусь.

Польшчу, якая дала прытулак тысячам беларускіх палітэмігрантаў, Лукашэнка называе варожай краінай і ўсяляк абражае яе кіраўніцтва.

Міграцыйны крызіс, які беларускія ўлады зладзілі летась, быў скіраваны найперш на мяжу з Польшчай, але задума Лукашэнкі з дапамогай нелегальных мігрантаў прымусіць ЕС да перамоваў правалілася.