У Жлобіне яшчэ двух палітвязняў адправілі ў калонію за ўдзел у паслявыбарчай акцыі

У судзе Жлобінскага раёна асудзілі палітычных зняволеных Мікалая Ісаенку і Пятра Канстанцінава. Іх прызналі вінаватымі па частцы 1 артыкул 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак) за тое, што прымалі ўдзел у акцыі пратэсту ў Жлобіне ўвечары 9 жніўня 2020 года.

Суд Жлобінскага раёна

Суд Жлобінскага раёна

Справу разглядаў суддзя Мікалай Сергяевіч, бок дзяржабвінавачвання прадстаўляла пракурор Марына Панчык. Абодва абвінавачаных да суда знаходзіліся пад вартай.

Мікалай Ісаенка сваю віну прызнаў толькі ў той частцы, што ўвечары 9 жніўня быў сярод людзей у цэнтры горада. Пётр Канстанцінаў цалкам не прызнаў сваю віну. Падчас суда ён задаваў шмат пытанняў сведкам і аргументавана абараняў сябе.

Абвінавачаны Канстанцінаў хадайнічаў, каб запрасілі сведкамі начальніка мясцовага РАУС Мельніка і яго намесніка Дзядзюна, што і было зроблена. Таксама ён хадайнічаў, каб у судзе яго дадаткова абараняла яго родная сястра. Гэтае хадайніцтва было адхілена.

Падчас працэсу, які цягнуўся з ранку да вечара 5 жніўня, планавалі дапытаць 18 сведкаў – міліцыянтаў, супрацоўнікаў жлобінскага аўтапарку і іншых людзей. 14 з іх былі дапытаны, чацвёра не з’явіліся.

Ніводны з васьмі сведкаў – супрацоўнікаў жлобінскага аўтапарку — не сказаў, што людзі, якія ў той дзень знаходзіліся на акцыі, перашкаджалі руху. Сведкі казалі, што рух па дарозе быў перакрыты супрацоўнікамі ДАІ, і менавіта яны перанакіроўвалі грамадскі транспарт на іншы маршрут. Скаргаў ад пасажыраў, па словах сведкаў, таксама не было, як і матэрыяльнай шкоды для аўтапарку.

Сведка – фельчарка хуткай дапамогі — на судзе пераблытала абвінавачаных. Падчас следства пры дэманстрацыі ёй не надта якаснага відэа з месца падзей яна нібыта апазнала Мікалая Ісаенку, а ўжывую ў судзе стала апісваць Пятра Канстанцінава — пералічвала яго прыкметы, мяркуючы, што гэта Ісаенка.

Былі дапытаны сведкі – міліцыянты Дзядзюн і Мельнік, якія 9 жніўня дзяжурылі на ўчастку для галасавання, дзе назіральнікам быў Пётр Канстанцінаў. Той распавёў, што пасля закрыцця ўчастку яго выдалілі, прапанавалі схадзіць папіць гарбаты, а пасля падыйсці, каб даведацца пра вынікі выбараў і паглядзець пратакол. Так Пётр і зрабіў, але калі ён вяртаўся на ўчастак, яго не прапусцілі Мельнік і Дзядзюн, запатрабавалі прад'явіць дакументы. Канстанцінаў ім паказаў сваё пасведчанне назіральніка, а яго ўсё роўна не прапусцілі. Тады Канстанцінаў пайшоў на плошчу. І Дзядзюн, і Мельнік сказалі, што гэтага не памятаюць.

З матэрыялаў справы вынікае, што Канстанцінаў прыйшоў на плошчу ў 20:40, а Ісаенка ў 21:20 — і ў гэты час рух па дарозе ужо быў прыпынены. Таму сваёй прысутнасцю яны фізічна не маглі паўплываць на рух транспарту. Канстанцінаў на судзе ўвесь час сцвярджаў, што стаяў каля слупа, а не на дарозе. Аднак пракурор Панчык у сваёй прамове настойвала, што мужчыны стаялі ў счэпцы, гучна выкрыквалі лозунгі і пляскалі ў далоні, свісталі і крычалі, парушалі грамадскі парадак.

Не звяртаючы ўвагі на станоўчыя характарыстыкі, адсутнасць судзімасцяў у абодвух, а таксама на тое, што Ісаенка даглядае маці-інваліда другой групы і брата, які перасоўваецца на вазку, яна запатрабавала адзін год і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму для Мікалая Ісаенкі і два гады калоніі для Пятра Канстанцінава. Менавіта такое пакаранне і вынес шостага жніўня суддзя Сергяевіч.

spring96.org