Уладзімір Гундар трымае сухую галадоўку ў карцары

Уладзімір Гундар, палітвязнь, якога судзяць па "справе Аўтуховіча", трымае сухую галадоўку ў карцары.

gundar_03_2.png

Пра галадоўку палітвязня, што мае другую групу інваліднасці, паведаміла журналістам BPN яго жонка Алена Гундар.

«Валодзя трымае сухую галадоўку. Я напісала яму ліст, дзе прасіла гэта не рабіць, але ён перадаў усім падзяку за падтрымку, папрасіў прабачэння і пацвердзіў, што будзе галадаць», — кажа.

Алена Гундар распавяла, што на момант сустрэчы з адвакатам муж нібыта адчуваў сябе няблага, аднак сухая галадоўка вельмі небяспечная для яго: праз гіпертанію трэба рэгулярна прымаць лекі, а гэта немагчыма зрабіць без вады.

Жонка сказала, што Уладзіміра Гундара змясцілі ў карцар ці то на 10 сутак, ці то да 11 ліпеня.



Уладзімір Гундар абвясціў, што распачынае сухую галадоўку яшчэ 28 чэрвеня, падчас судовага пасяджэння. Тады яго зацягнулі ў судовую залу ў адных майтках, змясцілі ў клетку ды прыкулі рукі кайданкамі да кратаў.

Яго дачка Інга распавяла пра тое судовае пасяджэнне так: «Тата стаяў у клетцы ў адных майтках, рукі былі прышпіленыя кайданкамі да кратаў у расцяжцы. Вядома, тата шмат крычаў і вельмі моцна абураўся. Калі ўвайшоў суддзя, адвакат папрасіла даць дазволу трохі аслабіць кайданкі або даць магчымасць тату сесці. Ігнор ад суддзі. Тата заспяваў песню. Суддзя выслухаў і сказаў выдаліць з залы пасяджэння. Тады тата сказаў, што абвяшчае сухую галоўку, і калі да яго будуць прынятыя нейкія гвалтоўныя меры, сказаў, што ён ускрыецца».