Уначы рускія войскі стралялі па Адэскай вобласці: 19 загінулых, сярод якіх дзіця

Тры ракеты трапілі ў дзевяціпавярховік і дзве базы адпачынку. Спачатку паведамлялася пра 17 загінулых, сярод якіх дзіця. Пазней з'явілася інфармацыя пра 19 загінулых і 38 параненых

2747051.jpg

Ракеты часткова разбурылі дзевяціпавярховік у сяле Сяргееўка, дзе загінулі 14 чалавек, і дзве базы адпачынку — там трое загінулых.

Начны ўдар па Адэскай вобласці быў здзейснены з Чорнага мора трыма ракетамі Х-22. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным паведамленні, распаўсюджаным у пятніцу, 1 ліпеня, Адэскім гарсаветам:

"У выніку начнога ракетнага ўдару самалётамі стратэгічнай авіяцыі Ту-22 з кірунку Чорнага мора па Белгарад-Днястроўскім раёне Адэскай вобласці, 3 ракеты Х-22 пацэлілі ў шматкватэрны дом і дзве базы адпачынку".

Паведамляецца, што ракета, якая пацэліла ў дзевяціпавярховы дом у Сяргееўцы, разбурыла вонкавую сцяну і перакрыцці з 1 па 9 паверх.


Акрамя таго, у тым жа раёне ў выніку ракетнага ўдару адбылося частковае разбурэнне трохпавярховага і чатырохпавярховага будынкаў базы адпачынку. У выніку загінулі тры чалавекі, з іх адно дзіця, і адзін чалавек пацярпеў.

Пад заваламі пакуль было знойдзена 19 загінулых. Яшчэ 38 чалавек пацярпела. Сярод пацярпелых — шасцёра дзяцей і цяжарная жанчына, выратаваныя з-пад завалаў восем чалавек, з іх трое дзяцей.

Цяжкія параненыя шпіталізаваныя. Выратавальныя працы працягваюцца. У месцах трапленняў працуюць следча-аператыўныя групы.