Вядоўца і музыка Аляксандр Памідораў звольніўся з Радыё Рокс
Пра гэта Аляксандр Памідораў напісаў у фэйсбуку.
«Ёсць дысананс у тым, каб весці забаўляльныя праграмы ў той час, калі ў тваім двары невядомыя спрабуюць схапіць тваю дачку. Калі ў тваім горадзе на тваіх вуліцах невядомыя людзі без твараў са зброяй хапаюць мірных грамадзян, суседзяў, збіваюць і катуюць, беспадстаўна кідаюць у турмы. Калі ты сам схадзіў у турму і калі там знаходзяцца твае калегі і сябры», – сказаў у каментары @by_culture Аляксандр Памідораў.
Вядоўца таксама зазначыў, што пасля таго, як ён адбыў суткі, яму на працы давялі, што пры паўторным затрыманні, з ім развітаюцца.
Нагадаем, Аляксандр Памідораў быў затрыманы ўвечары 19 верасня пасля канцэрта ў мінскім раёне Шабаны. 21 верасня суд Заводскага раёна Мінска прызнаў яго вінаватым у парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў (арт 23.34 КаААП) і асудзіў да 8 сутак арышту.