З Віктарам Бабарыкам забараняюць камунікаваць у калоніі

Штаб Віктара Бабарыкі апублікаваў некалькі ўрыўкаў з ліста палітвязня, з якіх можна зрабіць выснову, што на яго працягваюць ціснуць у наваполацкай калоніі.

Віктар Бабарыка. Фота: dev.by

Віктар Бабарыка. Фота: dev.by

У адным з нядаўніх лістоў Віктар Бабарыка падзяліўся навінамі.
«Што датычыцца майго Дня народзінаў, то ўсё было ціха і спакойна. Вы павінны чуць, што ў гэтым месцы ўсім людзям забараняецца камунікаваць са мной. Таму нічога не было і нічога смачнага не еў.


Наконт прышчэпкі супраць COVID-19, дык я быў вымушаны яе зрабіць, бо пужалі адмовай ад сустрэчы з роднымі. Таму атрымаў Спутнік V і ўсё ж выжыў.
Адносна працы, то ўсё па-старому. Нічога не змянілася, і жыву як у стужцы «Дзень сурка». Толькі герой гэтага кіно меў магчымасць развівацца, а ў гэтым месцы з інтэлектуальным развіццём вядзецца барацьба».
Нагадаем, у ліпені экс-банкіра, які заявіў пра намер балатавацца на пасаду прэзідэнта Беларусі, пакаралі 14 гадамі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, прызнаўшы Віктара Бабарыку вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК) і ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК). Акрамя гэтага, палітвязня пакаралі штрафам у памеры 145 тысяч рублёй (пяць тысяч базавых велічыняў), а таксама ён павінен будзе выплаціць больш за 46 мільёнаў рублёў, каб пагасіць нібыта прычыненую ім шкоду. Таксама Віктара пазбавілі права займаць кіраўнічыя пасады на некаторы час. Віктар Бабарыка віну не прызнаў.
У зняволенні Віктар Бабарыка працуе ў пякарні. Раней ён атрымліваў 1 рубель 60 капеек, але яму павысілі заробак у 35 разоў — да 50 рублёў.
Адрас для лістоў Віктару Бабарыку: ПК №1. 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8.