Загінулага беларускага байца Аляксея Скоблю пасмяротна ўганаравалі званнем Героя Украіны

Аляксей Скобля стаў другім беларусам — Героем Украіны. Першым быў Міхал Жызнеўскі.

skoblja_13_04.jpg


Адпаведны ўказ падпісаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Званне героя беларусу надалі «за асабістую мужнасць і гераізм, праяўленыя ў абароне дзяржаўнага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, вернасць ваеннай прысязе».

Аляксей Скобля, пазыўны «Тур», стаяў ля вытокаў арганізацыі беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаліся за Украіну з 2014 году. Апошні год ён служыў у Сілах спецыяльных аперацый Украіны па кантракце.

Ён загінуў напярэдадні дня народзінаў, 14 сакавіка яму павінна было споўніцца 32 гады.

13 сакавіка, калі прыкрываў адыход сваіх байцоў пад Кіевам Скобля быў смяротна паранены, і застаўся прыкрываць сваіх. Яго пахавалі ў сярэдзіне сакавіка ў Кіеве.

Аляксей Скобля — другі беларус, якога прызналі Героем Украіны. Першым быў Міхаіл Жызнеўскі, якога забілі 22 студзеня 2014 году падчас Еўрамайдану ў Кіеве.

У 2017-м прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка перадаў Зорку Героя бацькам Міхася.

Міхаіл Жызнеўскі стаў адной з першых ахвяраў сутыкненняў удзельнікаў Еўрамайдану з міліцыяй. Гэта адбылося раніцай 22 студзеня 2014 года, калі «Беркут» пайшоў у наступ ва ўрадавым квартале на вуліцы Грушэўскага, разбіраючы барыкады і затрымліваючы людзей.

Міхаіл Жызнеўскі браў удзел у акцыі пратэсту з першых дзён — ён уваходзіў у самаабарону, якая ахоўвала Еўрамайдан. А прыехаў ва Украіну яшчэ ў 2005-м, калі яму было 17 гадоў.