Закрыты суд над Дзянісам Івашыным: у зале працавала «глушылка», каб ніхто на калідоры нічога не пачуў

Дзяніс Івашын перад судом выгукнуў «Жыве Беларусь! Слава Украіне!» і здолеў сказаць маці некалькі слоў.

70261939_459996527919306_6208039969810808832_n_logo_2.jpg

17 жніўня пачалося другое пасяджэнне закрытага працэсу над журналістам Дзянісам Івашыным у Гродне. Сталі вядомыя падрабязнасці першага дня суда: вязень выгукнуў «Жыве Беларусь! Слава Украіне» і паспеў коратка перамовіцца з маці, піша Св*бода.

Маці Дзяніса Людміла Івашына расказала пра «момант, які застанецца самай яркай плямай на ўсё жыццё». 15 жніўня яна прыйшла да будынка абласнога суда загадзя ў спадзяванні ўбачыць сына. Неўзабаве яна здалёк заўважыла, як да бакавога ўваходу пад’ехала службовая машына і праз нейкі час адтуль вывелі Дзяніса.

«Як бы апісаць свой стан... Я адключылася цалкам, я бачыла толькі Дзяніса. Я крычу: „Сынок, я тут!“ Ён пачуў і адказаў: „Мама, у мяне ўсё добра! Не перажывай! Мы пераможам“. Я далей крычу яму: „Трымайся, усё будзе добра!“ Гэта такая эйфарыя. Яго рэзка нахілілі ўніз, рукі за спіну. Я яшчэ закрычала ім: „Больш акуратна там“. У мяне адключыліся ўсе рэфлексы (самазахавання)», — успамінае Людміла Івашына.


Гэта першы раз, калі яна здолела ўбачыць сына амаль за паўтара года. Яна хвалюецца, што той выглядаў надта бледным, але ў цэлым амаль не змяніўся за час зняволення.

Калі жанчына падышла пад галоўны ўваход будынка суда, то ўбачыла групу падтрымкі Дзяніса. Незнаёмыя людзі загаварылі з ёй на замежнай мове. Аказалася, што гэта дыпламаты еўрапейскіх краін, якіх яна не чакала ўбачыць.

«Адна з іх стала гаварыць на рускай мове з акцэнтам: „Нас тут чацвёра, але мы прадстаўляем увесь Еўрасаюз, мы сочым за кожным крокам лёсу Дзяніса. Мы вас вельмі падтрымліваем“. Гэта настолькі прыемна, гэта дае крылы», — пераказвае маці журналіста.

Потым да іх падышлі супрацоўнікі дзяржаўнага тэлебачання. Людміла Івашына расказала, што ў апублікаваны запіс трапіла не ўся размова. Напрыклад, маці на пачатку размовы гучна прадставілася. На пытанне супрацоўніцы, ці ёй не сорамна за сына, яна адказала: «Я вельмі ганаруся сваім сынам і ганаруся, што ён не такі, як вы».


Людміла Івашына ўжо пісала скаргі на дзяржаўную супрацоўніцу Ксенію Лебедзеву, бо тая раней паказала ў сваім сюжэце кватэру Івашыных. У дакументах на вобыск пазначана, што сілавікі не вялі відэаздымку. Адкуль у сюжэце ўзяліся кадры прыватнага жытла — загадка. Маці журналіста, з яе слоў, прыйшлі адпіскі з тэлебачання і пракуратуры, без тлумачэнняў у адказ на яе пытанне.

Таксама стала вядома, што Дзяніс па-за пасяджэннем суда ў калідоры выгукнуў «Жыве Беларусь! Слава Украіне!».

Калі блізкія стаялі ў калідоры суда (працэс ужо пачаўся), то пачулі гул. Аказалася, што гэта працуе «глушылка», каб ніхто на калідоры не мог пачуць, што гавораць на закрытым працэсе ў зале.


Судовы працэс над Івашыным пачаўся 15 жніўня. Блізкія загадзя ведалі, што працэс будзе закрытым з прычыны «разгляду дзяржаўных таямніц». Івашына вінавацяць ва «ўмяшанні ў дзейнасць міліцыянераў» і ў «здрадзе дзяржаве». Дэталі спраў невядомыя.

Дзяніс — журналіст-расследавальнік. Яго затрымалі пасля публікацыі чарговай часткі расследавання пра былых беркутаўцаў, якія працавалі ў мінскім АМАПе. Ён супрацоўнічаў як валанцёр з камандай расследавальнікаў InformNapalm, якая пісала пра ўплыў Расіі на Беларусь, Сірыю, Украіну і іншыя краіны. Таксама Івашын працаваў у «Новым Часе», вядомы публікацыямі пра рэстаран «Поедем поедим», пабудаваны побач з месцам масавых расстрэлаў беларусаў у Курапатах.