Затрыманая Юлія Ганісеўская. За дапамогу ўкраінцам?
Затрыманая валанцёрка і шматдзетная маці Юлія Ганісеўская.
У Гомелі затрыманая валанцёрка Юлія Ганісеўская. Паводле непацверджанай інфармацыі, сілавікі затрымалі жанчыну на працоўным месцы. Пазней злядзілі ператрус у яе ў хаце.
Жанчыну нібыта вінавацяць у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў і непадпарадкаванні міліцыянтам, адзначае “Штодзень”.
У апошні месяц Юлія актыўна займалася дапамогай украінцам, якія пацярпелі ад нападу Расіі. Юлія разам з іншымі валанцёрамі збірала гуманітарку і дастаўляла яе на мяжу для жыхароў украінскіх вёсак.
Валерый Сляпухін так ахарактарызаваў валанцёрку Юлію Ганісеўскую: “Юля — валанцёр па поклічы душы. Пачуццё справядлівасці і жаданне дапамагчы ў яе было заўжды. Вельмі ярка праявіла сябе ў пачатку 2020 года ў сітуацыі з COVID-19. Поўнасцю аддалася дапамозе людзям у той час, не шкадуючы сіл, часу і здароўя. Чалавек-энерджайзар, пазітыўчык... І гэта толькі малая частка з таго, што магу сказаць пра яе. А знаёмыя мы прыблізна з 2018 года”.
Яшчэ ў 2017 годзе Юлія Ганісеўская вылучалася ад кампаніі “Гавары праўду” ў дэпутаты.