Жыхара Маладзечна з апошняй стадыяй рака 2,5 месяцы трымаюць за кратамі за каментары

Праваабаронцам стала вядома, пра затрыманне 26 студзеня Паўла Кучынскага. Ён мае інваліднасць другой групы, у яго чацвёртая стадыя рака. Папярэдне, Паўла абвінавачваюць у абразе двух суддзяў, Лукашэнкі, супрацоўніка РАУС, а таксама ў пагрозе суддзі і Лукашэнку.

photo_2022_04_11_12_35_57__2_.jpg

Спачатку родным казалі, што Павел затрыманы на трое сутак, а пасля высветлілася, што яго будуць трымаць пад вартай да суда. Родныя ездзілі ў Бараўляны за паперамі, што яму неабходна лячэнне, пастаянныя абследаванні, і яго нельга трымаць у такіх умовах, пісалі ў пракуратуру і адміністрацыю Лукашэнкі — але нічога не дапамагло.

Сваякам удалося дабіцца, каб Кучынскага звазілі ў Бараўляны на абследаванне, па выніках якога бачна, што стан здароўя Паўла пагоршыўся, пачаўся запаленчы працэс. Калі маці прывезла вынікі абследавання следачай з просьбай аказаць дапамогу, тая сказала, што ён нібыта не скардзіцца і што родныя «гэтымі дзеяннямі затрымліваюць працэс».