«Заўтра» замарожанай краіны

Карціна «Заўтра» Юліі Шатун, дзе паказаная застылая ў часе беларуская штодзённасць, тлумачыць сітуацыю ў краіне лепей за палітычныя трактаты. Ці ёсць у замарожанай краіне надзея на заўтра?

15360704288.png


У ціхім правінцыйным горадзе настаўнік ангельскай мовы падпрацоўвае рэпетытарам і дапамагае жонцы разносіць рэкламныя ўлёткі. Сямейная пара робіць рамонт і дапамагае сыну, які вучыцца ў сталіцы. Але грошай вобмаль, хаця ёсць латарэйны білет.

Юля Шатун зняла сваю дэбютную стужку ў Мазыры за чатыры дні — і з бацькамі ў галоўных ролях. Сціплы фільм з нулявым бюджэтам быў адразу заўважаны на «Лістападзе», дзе ў 2017 годзе атрымаў узнагароду Нацыянальнага конкурсу, а Міжнародны кінафэст у Марсэле дадаў яшчэ чатыры прызы.

Юля сама вучылася ў Мінску на культуразнаўцу — і наведвала «Беларускі калегіюм». Пісьменнік і філосаф Валянцін Акудовіч параіў: «Пішыце свой галоўны боль». Сцэнар «Заўтра» меў шэсць варыянтаў, але, калі маці Юлі і выканаўца галоўнай жаночай ролі прачытала сцэнар, то спытала дачку: «Юля, навошта ты напісала пра наша жыццё?»

Жыццё ў беларускай правінцыі вязкае, непрыкметнае, спыненае, што старанна падкрэслівае камера. Курткі на рынку, дзе мерзнуць гандляркі, прадаюцца ў растэрміноўку, добрай працы няма, над прыпынкамі навісаюць плакаты пра шчаслівую Беларусь, а Ленін на цэнтральнай плошчы ўсцяж паказвае дарогу. У рэстаранах — забытыя мелодыя 80-ых, абястлушчаны тварог у краме раскуплены, а на ранішніх вуліцах амаль нікога няма.


15360703811.png


Прастора грае ў фільме асобную ролю. Доўгія планы, калі чалавек ідзе праз заснежанае поле, дамы, з якіх ніхто не выходзіць, бязлюдныя вуліцы. Публічная прастора ў краіне адсутнічае. Месца, дзе магчымыя хоць якія чалавечыя стасункі, сціснулася да сям’і. Рэплікі, кінутыя на пошце і ў краме, цалкам функцыянальныя, у іх няма нічога большага: разваг, парадаў, пытанняў пра сям’ю і дзяцей, меркаванняў і пажаданняў.

Да героя, які крочыць вуліцамі, ніхто не падыходзіць, няма ані суседзяў, ані сяброў, каб з кім павітацца — і толькі самотны сабака падбягае да чалавека, каб потым разгублена адысці ўбок.

У аўтарытарным грамадстве людзі атамізаваныя, усе магчымыя жывыя суполкі здрабнелі і параспыленыя. Людзі займаюцца выжываннем. І нават у кватэру ўлада ўваходзіць — праз тэлевізар. Мы чуем бадзёрыя навіны з галоўным знаёмым голасам: дзяржаўнае выпраменьванне раздзяляе мужа і жонку. І толькі мара ізноў іх злучае. «Адзінае, што мне застаецца — чакаць. — Чаго? — Новых цудаў,» — гучыць за кадрам цытата з «Салярыса» Андрэя Таркоўскага.  


15360703912.png


Небагаты герой стужкі ўвесь час купляе латарэйныя квіткі і спадзяецца на свой шанец. І вось, нарэшце, апошні розыгрыш даруе пуцёўку. Трэба ехаць у Мінск, апісанні якога ў беларускім падручніку ангельскай мовы выглядаюць такім жа цудам, як заморскія курорты.

Сталіца Беларусі перапоўненая людзьмі. Там могуць падказаць дарогу і штосьці параіць. Але ўсе клапатлівыя і зычлівыя людзі краіны выціснутыя пад зямлю, у падземныя пераходы. Плошчы і вуліцы гораду — публічныя прасторы, дзе людзі, сапраўды, становяцца грамадзянамі — пустыя. А на вакзале, дзе хапае народу, але ўсе толькі праездам, — людзі таксама самотныя.

Паверхні будынкаў і рэчаў у фільме падкрэсліваюць задуху і закаркаванасць. Яны атачаюць, акальцоўваюць, заганяюць у пастку. Шурпатыя паверхні абыякавых дамоў, шматпавярхоўкі, на тле якіх чалавек — мураш, нарэшце — тупы мур цягніка «Мінск-Масква», перад якім сустракаюцца сын і бацька. Краіна аточаная, акупаваная і ўзятая ў палон. Вялізна-бліскучыя дзверы «Нацыянальныя спартовых латарэй» абяцаюць фальшывае шчасце.

Герой, які прыехаў у сталіцу, каб атрымаць выйгрыш, пасля роздуму адмаўляецца ад чужога цуду — і так і не ўваходзіць ва ўрачыста-бліскучыя дзверы. (Дарэчы, пустая прастора ў кадрах з героем тут можа быць знакам засяроджанага ўнутранага жыцця).


15360704369.png


Сціпла-мінімалістычная карціна мае дакладную драматургію, падобную да структуры казкі і міфу. Першая частка — гэта звыкла-штодзённы свет правінцыі. Другая частка — гэта іншасвецце вялікага гораду, дзе амаль усё інакш. Нарэшце, апошняя частка — гэта вяртанне пасля духоўнай перамены. Падобным чынам пабудаваны і «Крышталь», але там іншасвецце — гэта правінцыя. Але ў абодвух выпадках мы маем абарваную і няздзейсненую мару, а замест паездкі ў далёкія далі ёсць засяроджанае шматкроп’е.

Чаму герой «Заўтра» адмовіўся ад паездкі? Самае простае тлумачэнне — матэрыяльнае. У сям’і няма нават грошай на купальныя касцюмы, дык лепей не ехаць, каб не ганьбіцца. Юля Шатун неяк расказвала, што выйграла аднойчы паступленне ў Санкт-Пецярбургскую кінашколу, але адмовілася ад прапановы, бо не мела, чым заплаціць. Гісторыю з латарэяй у фільме можна было бы лічыць толькі адбіткам гэтай жыццёвай прыгоды. Але беларускія чыноўнікі, якія неадкладна накінуліся на стужку, як на «чарнуху», падштурхнулі мяне да іншага тлумачэння.

У нядаўнім беларускім кіно ўжо была карціна з латарэйным квітком. У камедыі «На спіне ў чорнага ката» два вясковыя дзяды-сталіністы з дапамогай спакуслівай анёліхі зрывалі куш — і гулялі ў сталіцы, раскідваючыся грашыма.

Карціна «Заўтра» ва ўсім супрацьлеглая ўзорнаму лукашэнкаўскаму гламуру. Калі ў «чорным каце» званком з адміністрацыі прэзідэнта запрашалі на здымкі Філіпа Кіркорава — пазаезджаную зорку суседняй дзяржавы, а галоўную дзіцячую ролю грала прэзідэнцкая ўнучка, то Юле Шатун дапамагалі толькі блізкія людзі.

Калі ў дзяржаўнай кінакамедыі шмат кічу з дарагімі рэстаранамі, гатэлем «Еўропа» і Нацыянальнай бібліятэкай, то ў карціне Шатун — прыцішаныя фарбы, заснежаныя дарожкі і звыклыя шэрыя курткі.

Калі ў адным фільме — халява з ласкі вышэйшага кіраўніцтва з шумнымі п’янкамі далёка ад дому (можна дадаць сюды яшчэ трэш-стужачку «Мы, браты»), то ў карціне маладой рэжысёрскі — сумленне, праца і засяроджанасць. Героям «Заўтра», як і персанажам з апошніх кадраў «Крышталю», ёсць пра што марыць і за што змагацца. Ціха, упарта, уласнымі сіламі, годна — і з падтрымкаю адзін аднаго.

І таму, на пытанне, ці ёсць у замарожанай краіне надзея на заўтра, можна са шчырым сэрцам адказаць: «Заўтра» ёсць.
Расклад сеансаў фільма «Заўтра» ў мінскіх кінатэатрах.
Фота з сайта kino.bycard.by