Рэдактар «Першага канала» Расіі выйшла ў жывы эфір з антываенным плакатам. Дапоўнена

Смелай расійскай дзяўчыне Марыне Аўсяннікавай пагражае турэмны тэрмін.

Дзяўчына з антываенным плакатам. Кадр з відэа

Дзяўчына з антываенным плакатам. Кадр з відэа


У жывым эфіры расійскага «Першага канала» з'явілася дзяўчына з антываенным плакатам.
Як стала вядома пазней, Марына Аўсяннікава — рэдактар «Першага канала». Яна выйшла падчас выпуску навін і спынілася за спінай вядоўцы Кацярыны Андрэевай, якая ўвасабляе сабой дзяржаўную прапаганду.
На плакаце было напісана «Спыніце вайну. Не верце прапагандзе. Тут вам хлусяць».
Паводле нядаўна прынятага ў Расіі «закона аб фэйках» дзяўчыне пагражае вялікі турэмны тэрмін. Перад акцыяй у жывым эфіры Аўсяннікава запісала відэа з заклікам на мітынгі супраць братазабойчай вайны. Цяпер яна дастаўлена ў АУС «Астанкіна» г. Масквы. Як мяркуецца, у дачыненні да яе складзены пратакол паводле артыкула 20.3.3 КаАП за «дыскрэдытацыю расійскіх Узброеных сіл».