Генпракуратура Беларусі ўзбудзіла крымінальную справу за замену сцяга ў Бухенвальдзе

Генпракуратура Беларусі ўзбудзіла крымінальную справу па ч. 2 арт. 130 «па факце распальвання нацыянальнай варожасці» ў сувязі з заменай беларускага дзяржсцяга на бел-чырвона-белы на памятнай цырымоніі ў Бухенвальдзе.

Бел-чырвона белы сцяг на афіцыйнай цырымоніі ўнашанавання памяці ахвяр канцлагераў у Бухенвальдзе

Бел-чырвона белы сцяг на афіцыйнай цырымоніі ўнашанавання памяці ахвяр канцлагераў у Бухенвальдзе


«Згодна з матэрыяламі справы неўстаноўленая асоба 10 красавіка 2022 года публічна зняла дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, усталяваны на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу на месцы канцлагера "Бухенвальд" (Федэратыўная Рэспубліка Германія), усталяваўшы замест яго бел-чырвона-белае палатно», — заяўляюць у прэс-службе Генпракуратуры.
На думку прадстаўнікоў Генпракуратуры, «дзеянні носяць відавочна цынічны характар, зневажаюць гонар і годнасць беларусаў» і з'яўляюцца «глумленнем над памяццю пра мільёны загінуўшых на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны».
Для арганізацыі папярэдняга расследавання крымінальная справа накіраваная ў Следчы камітэт.
Нагадаем, цырымонія ў 77-ю гадавіну вызвалення лагера адбылася ўчора, напярэдадні Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, які штогод адзначаецца 11 красавіка. Беларусь на ёй прадстаўлялі палітык Павел Латушка і прадстаўнік Народнага пасольства Беларусі ў Германіі Міхаіл Таўбе, запрошаныя нямецкай бокам.
Раней нямецкі фонд «Мемарыялы Бухенвальд і Мітэльбаў-Дора» прыняў рашэнне не запрашаць сёлета беларускіх і расійскіх афіцыйных асоб на традыцыйныя памятныя мерапрыемствы з нагоды чарговай гадавіны вызвалення канцлагераў. МЗС Беларусі дадзенае рашэнне назвала «пляўком у твар людзям, якія перажылі жахі фашысцкіх канцлагераў». У ведамстве запэўнілі, што беларускія дыпламаты ў Германіі ў любым выпадку ўшануюць памяць усіх ахвяр нацызму і вязняў канцлагераў, уключаючы Бухенвальд і Мітэльбаў-Дора.
Учора таксама паведамлялася, што фонд прыняў рашэнне не запрашаць афіцыйных прадстаўнікоў Расіі і Беларусі на цырымонію, адзначыўшы, што іх прысутнасць была б «невыноснай» з-за гібелі пад абстрэламі ва Украіне былога вязня Бухенвальда Барыса Раманчанкі.