Карбалевіч пра Лукашэнку ў Зімбабвэ: «Можна павіншаваць беларусаў: у іх зьявіўся яшчэ адзін брацкі народ»

Міжнародная ізаляцыя Беларусі стварае такі знешні кантэкст, на тле якога ўлады мусяць рабіць усё больш экзатычныя крокі, каб стварыць нейкую хоць вонкава пазітыўную карціну. Палітолаг Валер Карбалевіч — пра візыт Лукашэнкі ў Зымбабвэ.

2023_01_30t000000z_21287153_mt1kyodo000hvj266_rtrmadp_3_preparation_for_g_7_summit_0.jpg.jpg

«Відавочна, на працягу апошніх гадоў існуе сур’ёзная праблема з замежнымі візытамі Лукашэнкі, — піша ў аўтарскай калонцы на «Св*бодзе» Валер Карбалевіч. — Няшмат краінаў жадае цяпер яго прымаць. Таму даводзіцца абіраць усё больш экзатычныя маршруты. Візыты Лукашэнкі ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (ААЭ) і Зымбабвэ — якраз з гэтага шэрагу.

Было афіцыйна абвешчана, што 25 студзеня Лукашэнка прыляцеў у ААЭ зь візытам. І знаходзіўся там да 30 студзеня. Сам па сабе замежны візыт першай асобы, які расьцягваецца на пяць дзён, — гэта ўжо нешта надзвычайнае. Прычым ніякай інфармацыі пра ягоны зьмест няма. Тэлеграм-канал «Пул первого» паведаміў, што адразу пасьля прылёту адбыліся «кароткія перамовы». Не паведамлялася — зь кім. Можна меркаваць, узровень прадстаўніцтва з эмірацкага боку быў такі нізкі, што прэсавая служба Лукашэнкі не наважылася нават яго назваць. Мяркуючы па ўсім, ён паехаў у Эміраты адпачыць. Час супадае са студэнцкімі вакацыямі Мікалая Лукашэнкі. Пра адпачынак сьведчыць і відэа, апублікаванае «Пулом первого» 28 студзеня, на якім Лукашэнка зь Цяцерыным у расслабленым стане сьвяткуюць перамогу Арыны Сабаленкі на тэнісным турніры.

Здавалася б, чаму не абвясьціць, што Лукашэнка паехаў у Эміраты на адпачынак? Але прэсавая служба чамусьці палічыла такое паведамленьне няёмкім. Назвалі гэта візытам. Але калі візыт, то павінны быць нейкія сустрэчы, перамовы, мерапрыемствы. А іх няма. Хацелі як лепш, а выйшла як заўсёды.

Што тычыцца візыту ў Зымбабвэ. Гэта чацьвёртая краіна Афрыкі, якую наведвае Лукашэнка. Раней былі паездкі ў Лібію, Эгіпет, Судан. Ня так і шмат за 29 гадоў кіраваньня. І гэта зразумела. Афрыканскія краіны небагатыя, іх платаздольнасьць невялікая. Пэўны попыт на беларускую прадукцыю ёсьць, але існуе праблема платы за яе.

Гэта цалкам тычыцца і Зымбабвэ. Дыктатар Робэрт Мугабэ, які кіраваў краінай 37 гадоў, давёў даволі заможную паводле афрыканскіх мерак дзяржаву да ручкі. Што лішні раз пацьвярджае вядомую выснову: доўгае дыктатарскае панаваньне вядзе краіну да вядомага фіналу. У 2013 годзе Зымбабвэ ўваходзіла ў тройку самых бедных дзяржаваў сьвету. Гадавая інфляцыя ў 2008 годзе дасягнула неймаверных 500 мільярдаў адсоткаў! Можа, Лукашэнка паехаў вывучаць гэты досьвед? Цяпер сытуацыя трохі палепшылася (інфляцыя «ўсяго» 190%), аднак цяжка гаварыць пра нейкія значныя пэрспэктывы супрацы з гэтай краінай.

Цяперашні прэзыдэнт Зымбабвэ Эмэрсан Мнангагва наведваў Беларусь двойчы — у 2015 і 2019 гадах (першы раз у статусе віцэ-прэзыдэнта). Зь беларускага боку адказным за сувязі з гэтай краінай быў назначаны тагачасны кіраўнік справаў прэзыдэнта Віктар Шэйман.

Аднак кантакты не далі вялікага плёну. У 2021 годзе таваразварот паміж Беларусьсю і Зымбабвэ склаў $25 млн. А па выніках студзеня — лістапада 2022 году ўзаемны гандаль таварамі дасягнуў $38,6 млн. Беларускі экспарт склаў $29,6 млн. Лічбы сьмешныя. Гэта гандлёвы абарот сярэдняга заводу. Той факт, што амбасада Беларусі ў Зымбабвэ пачала працаваць толькі ў 2022 годзе, вельмі адметны.

Тым часам беларуска-зымбабвійскай супрацы спадарожнічаюць скандалы. Напярэдадні візыту мясцовае выданьне «New Zimbabwe» пісала, што летась урад краіны закупіў у Беларусі пажарныя машыны, якія «ніколі не прасілі» ўлады на месцах. Іншы скандал тычыўся таго, што ўрад Зымбабвэ выбіраў дружалюбныя беларускія кампаніі для продажу дыямэнтаў. Мінулым годам у Зымбабвэ падалі ў суд на кампанію «Zim GoldFields», зьвязаную з сынам Віктара Шэймана, за здабычу золату без дазволу ўладальнікаў тэрыторыі. То- бок двухбаковым адносінам спадарожнічае заўважны карупцыйны складнік.

А тым часам супраца Беларусі з новым афрыканскім сябрам набывае, скажам мякка, экзатычныя формы. Вось абвешчана, што Менск стане пабрацімам са сталіцай Зымбабвэ — Харарэ. То-бок у літаральным значэньні братам. Можна павіншаваць беларусаў: у іх зьявіўся яшчэ адзін брацкі народ. Як вядома, паводле афіцыйнага ідэалягічнага канструкту кіроўнага рэжыму, Расея — старэйшы брат. А Зымбабвэ які? Сярэдні, малодшы? Раней было абвешчана, што Беларусь і Зымбабвэ рыхтуюць дамову аб узаемным прызнаньні дакумэнтаў аб адукацыі. Што гэта можа азначаць на практыцы — цяжка нават уявіць».