Лукашэнка дапамагае «старэйшаму брату» вайсковай тэхнікай?

Пасля аб'яўленай мабілізацыі ва ўсходняга суседа «свята падняцця баявога духу» сталі чакаць і ў нас. А пакуль рэжым вырашае, ці брацца за гэтую сумнеўную справу, да расійскай арміі паціху ідуць эшалоны з беларускай вайсковай тэхнікай.

Лукашэнка дапамагае «старэйшаму брату» ваяваць з Украінай

Лукашэнка дапамагае «старэйшаму брату» ваяваць з Украінай


Паведамленні пра тое, што Лукашэнка дапамагае забяспечваць расійскую армію, якая ваюе з Украінай, пачалі з'яўляцца ў ТГ-каналах некалькі дзён таму. Спачатку гэта былі звесткі пра тое, што беларускія заводы атрымалі замову на пашыў зімовай вайсковай формы, нетыповай для краіны. У абслугоўванні патрэб расійцаў задзейнічаныя магілёўскае ААТ «Магатэкс», швейныя фабрыкі Гомеля і Брэста. Таксама аднаму з прыватных гомельскіх вытворцаў замовілі пашыў бронежылетаў.


Акрамя таго, стала вядома, што на патрэбы «старэйшага брата» ідзе вайсковая тэхніка. ТГ-каналам, прызнаным у Беларусі «экстрэмісцкімі», вядома пра эшалоны з танкамі Т-72А, грузавікамі «Зіл-131» і «Урал». Учора на магілёўскім кірунку быў зафіксаваны рух яшчэ аднаго эшалона з танкамі. Паведамляецца, што гэтыя цягнікі ішлі праз чыгуначныя станцыі «Успенская» і «Мілерава» (Растоўская вобласць Расійскай Федэрацыі) на акупаваныя тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей Украіны.
Учора Генштаб Украіны пацвердзіў факт перадачы з беларускага боку вайсковай тэхнікі для падтрымкі агрэсара. У аператыўнай зводцы прадстаўнік Генштаба УСУ Аляксандр Штупун заявіў, што «чарговы эшалон» з узбраеннем, боепрыпасамі і вайсковай тэхнікай прыбыў з Гомеля ў акупаваны Крым.
«Кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь працягвае аказваць дапамогу Расійскай Федэрацыі для ажыццяўлення ваеннай агрэсіі на тэрыторыі Украіны», — адзначаюць у Генштабе УСУ.


Нагадаем, учора Міністэрства абароны Беларусі заявіла, што чакае на днях першыя партыі расійскіх вайскоўцаў, якія прыбудуць у нашу краіну для «ўзмацнення аховы і абароны дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь для зніжэння ваеннай актыўнасці ў памежных з намі раёнах». Гэта будзе зроблена ў межах так званай «Саюзнай дамовы», якая прадугледжвае стварэнне «рэгіянальнай групоўкі войск».