Першы карабель з украінскім збожжам пакінуў порт Адэсы

Першае судна з украінскім збожжам адправілася ў панядзелак з Адэскага порта ў рамках дамовы паміж Расіяй і Турцыяй, Украінай і ААН, накіраванай на разблакаванне сельскагаспадарчага экспарту краіны і паслабленне росту глабальнага харчовага крызісу, паведамляе «Associated Press».

Грузавое судна «Razoni» пакідае порт Адэсы. Фота: «Associated Press»

Грузавое судна «Razoni» пакідае порт Адэсы. Фота: «Associated Press»


Грузавое судна «Razoni» пад сцягам Сьера-Леонэ вывезла з порта Адэсы больш чым 26 000 тон кукурузы, прызначанай для Лівана.
«Першае судна са збожжам пасля расійскай агрэсіі пакінула порт», — заявіў міністр інфраструктуры Украіны Аляксандр Кубракоў у «Twitter».
Нагадаем, 22 ліпеня ў Стамбуле пры пасярэдніцтве ААН і Турцыі была заключаная дамова, накіраваная на спыненне блакады ўкраінскіх партоў. Украіна, Расія і ААН накіравалі сваіх прадстаўнікоў у Стамбул на наступны дзень пасля падпісання пагаднення. 27 ліпеня Турцыя адкрыла ў Стамбуле каардынацыйны цэнтр па кантролі вывазу збожжа і пачала падрыхтоўку да экспарту збожжа з украінскіх партоў.
Пасля падпісання пагаднення Расія нанесла ракетны ўдар па Адэскім порце. Ракеты патрапілі ў збожжавы тэрмінал, загінуў адзін чалавек.
Затрымка паставак збожжа праз вайну, якую распачала Расія ва Украіне, узмацніла рост цэн на прадукты харчавання ва ўсім свеце і паставіла пад пагрозу голаду многія краіны.