Салавей: «Пуцін адчувае і ціхую радасць ад увядзення санкцый супраць расійскай эліты»

Чаму Крэмль не спыніцца на прызнанні «ДНР» і «ЛНР»?

Валерый Салавей

Валерый Салавей


Расійскі палітолаг Валерый Салавей лічыць, што Уладзімір Пуцін парадаваўся санкцыям у дачыненні да расійскіх чыноўнікаў і алігархаў.
— У дадзеным выпадку лёс вайны і міру ў руках прэзідэнта Пуціна. Ён мяркуе, што рухаецца ў правільным кірунку — да гарнізоннай дыктатуры, — заявіў палітолаг у эфіры «Эхо Москвы». — Сведчанне гэтаму — тое, з якім юрлівым задавальненнем Пуцін назіраў за членамі Савета бяспекі (падчас апошняга пасяджэння). Несумненна, ён адчувае і ціхую радасць ад увядзення санкцый супраць расійскай эліты. Гэта азначае: вось зараз вы, хлопцы, павязаныя са мной і ў вас няма выйсця, будзеце цяпер рухацца са мной — да канца або да гібелі.
Убачыўшы запіс Савета бяспекі, стала зразумела, што, з пункту гледжання прэзідэнта, ніхто з іх (членаў Савета бяспекі) нічога не варты. І гэта паказалі публічна.
Салавей лічыць апраўданымі і санкцыі, уведзеныя і ў дачыненні да дэпутатаў Дзярждумы, якія прагаласавалі за прызнанне незалежнасці «ДНР» і «ЛНР».
— Трэба несці палітычную адказнасць за рашэнні, у якіх вы ўдзельнічаеце. Ім паказалі, што ёсць калектыўная адказнасць. І калі Крэмль зробіць далейшыя крокі, гэтая адказнасць, я думаю, у хуткім часе распаўсюдзіцца і на членаў іх сем'яў. І гэта будзе вельмі адчувальна.
Пры гэтым гаворка не ідзе пра раскол эліт. Усе запалоханыя, цяпер усе будуць прысягаць на лаяльнасць. Раскол магчымы ў тым выпадку, калі пачнуцца маштабныя ваенныя дзеянні, калі яны зацягнуцца, акажуцца няўдалымі і пачнецца моцная ўнутраная рэакцыя, — мяркуе палітолаг.
Расіяне, на яго думку, таксама не выказваюць салідарнасці з чыноўнікамі, якія трапілі пад санкцыі.
— Большасць расіян, як і прэзідэнт Пуцін, цяпер адчуваюць ціхую злараднасць у дачыненні да людзей, якія трапілі пад санкцыі. Бо яны не праяўлялі грамадзянскую салідарнасць у дачыненні да людзей. Ратэнбэрг жа не падаў уцекачам свой апарт-гатэль у Геленджыку, а Шувалаў не падзяліўся сваім самалётам, каб вывозіць уцекачоў.
Усе нашы міністры — мільянеры. Хто-небудзь з іх публічна заявіў пра тое, што частку сваёй зарплаты гатовы перадаць у фонд дапамогі суграмадзянам, якія жывуць у нястачы? Не. Чаму мы павінны праяўляць салідарнасць у дачыненні да іх, калі яны не салідарныя з намі? Яны супрацьпастаўляюць сябе нам і робяць гэта паслядоўна ўжо на працягу дзясяткаў гадоў.
Вядома, публічна выказваць сваё стаўленне да дзеянняў уладаў расійскае грамадства не можа. Калі вы паспрабуеце выйсці дзе-небудзь на пікет, вас тут жа затрымаюць. Таму людзі проста размаўляюць паміж сабой. Тая сацыялогія, якую я бачыў, паказвае, што ўсё ж такі большасць не толькі супраць вайны, але і супраць прызнання «ДНР» і «ЛНР» як першага кроку да вайны. Але адразу скажу, што гэта апытанні з тэлеграм-каналаў, таму іх аўдыторыя нерэпрэзентатыўная.
У цэлым, я думаю, што большасць глядзіць на ўсё, што адбываецца насцярожана, але сваёй рэакцыі не выказвае. Грамадства выкажа рэакцыю, калі будзе пагаршацца ўзровень жыцця. І, мабыць, гэта адбудзецца, — сказаў Салавей.  
Ён таксама прагназуе нарастаючую агрэсію з боку расійскай улады ў дачыненні да Украіны.
— Я баюся, што гэтым не абмяжуецца. Прад'яўляць ультыматумы НАТА, усяму свету, а потым абмежавацца «жаласнымі агрызкамі» ад Данецкай і Луганскай абласцей? Гэта намах — на рубель, а ўдар — на капейку.
Я ўпэўнены, што Пуцін будзе рухацца далей, і гэтае «далей» спачатку будзе выглядаць як чарада правакацый, нібыта ўчыненых украінскімі вайскоўцамі, а потым рушыць услед і адпаведная рэакцыя расійскіх ВС.
Пуцін жа сказаў, чаго ён чакае і патрабуе ад Украіны. Гэта фактычна ўжо ультыматум Украіне. І гэта патрабаванне адмовіцца ад суверэнітэту. Наўрад ці хоць адна дзяржава пойдзе на такую ўмову, — сказаў на заканчэнне Валерый Салавей.
Паводле «Салідарнасці».