Вайсковаму пенсіянеру прысудзілі год. Пасля апеляцыі — ужо два

На думку пракуратуры, прысуд, вынесены 51-гадоваму мужчыну, быў недастатковым. Суд пагадзіўся з гэтым.

mahiljou_sud.jpg

Напрыканцы лістапада судовая калегія па крымінальных справах Магілёўскага абласнога суда задаволіла пратэст пракурора Бабруйскага раёна аб змене прысуду суда Бабруйскага раёна і горада Бабруйска мясцоваму жыхару Сяргею Ляліну, які 11 ліпеня быў прызнаны вінаватым у абразе прэзідэнта (ч.1. арт. 388 Крымінальнага кодэкса) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).
Суддзя Вольга Серакова вынесла прысуд у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін адзін год з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Сяргею Ляліну споўнілася 51 год, ён вайсковы пенсіянер у званні падпалкоўніка. Вядома, што ён удзельнічаў у пратэстах — яго затрымлівалі на нядзельным маршы 8 лістапада 2020 года. Быў пазбаўлены вайсковага звання Аляксандрам Лукашэнкам.
У ходзе судовага працэсу было ўстаноўлена, што Сяргей Лялін, падзяляючы і прытрымліваючыся ідэй сацыяльнай нецярпімасці да прадстаўнікоў улады, у студзені 2021 года ў горадзе Бабруйску на адным з экстрэмісцкіх Telegram-каналаў размясціў каментары з абразамі ў адрас кіраўніка дзяржавы, а таксама супрацоўніка Службы бяспекі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Згодна з матэрыяламі справы дзеянні Ляліна насілі дэманстратыўны характар, былі накіраваныя на падрыў аўтарытэту дзяржаўнай улады. Пры гэтым размешчаныя ім абразы на экстрэмісцкім рэсурсе прагледжаныя вялікай колькасцю карыстальнікаў сеткі Інтэрнэт.
Але, не пагадзіўшыся з памерам прызначанага бабруйскім судом пакарання з прычыны яго мяккасці, пракурор Бабруйскага раёна прынёс апеляцыйны пратэст.
Апеляцыйным вызначэннем судовай калегіі па крымінальных справах Магілёўскага абласнога суда пратэст задаволены ў поўным аб'ёме — тэрмін канчатковага пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі па сукупнасці злачынстваў павялічаны да двух гадоў.