З СІЗА вызвалілі журналістку T*T BY Алену Талкачову

За кратамі застаюцца яшчэ двое.

talkaczova.jpg

Пакуль невядома, ці знятыя з Алены Талкачовай абвінавачанні.
Яна знаходзілася за кратамі 14 месяцаў.У зняволенні па «справе T*T.BY» застаюцца былы генеральны дырэктар T*T.BY Людміла Чэкіна і экс-галоўны рэдактар Марына Золатава.
Раніцай 18 траўня 2021 года сілавікі прыйшлі дадому да некаторых супрацоўнікаў кампаніі і прадстаўнікоў партнёрскіх арганізацый, а таксама ў офісы ў Мінску і абласных цэнтрах.
Да позняга вечара ў сталічным офісе праходзіў ператрус, а ў Дэпартаменце фінансавага кантролю КДК пасля такіх самых дзеянняў дома ў супрацоўнікаў дапытвалі супрацоўнікаў. Некаторых з дому забралі ў статусе сведкі, а ўвечары таго ж дня яны былі ў ІЧУ на Акрэсціна як падазроныя па крымінальнай справе.
У той дзень затрымалі 15 чалавек. У чым менавіта абвінавацілі кожнага з іх, дакладна невядома. Як паведамлялі 18 траўня ў КДК, у дачыненні да службовых асоб кампаніі была ўзбуджана крымінальная справа аб ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса). Пазней з раскладу судоў аб разглядзе зваротаў аб змяненні меры стрымання стала вядома, што Ала Лапатко праходзіла па артыкуле аб дапамозе ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч.6 арт. 16 КК і ч.2 арт. 243 КК), а Марыну Золатаву і Алену Талкачову абвінавачвалі ў саўдзеле ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч.1 арт. 16 КК і ч.2 арт. 243 КК).
Прэтэнзія да кіраўніцтва кампаніі складалася ў тым, што, з'яўляючыся рэзідэнтам Парка высокіх тэхналогій, «Т*Т бай медыя» нібы атрымала выручку, не абумоўленую дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў.