Былы муж Марыны Аўсяннікавай падаў на яе ў суд

Былы муж Марыны Аўсяннікавай, якая ў прамым эфіры праграмы «Время» на Першым канале выйшла з антываенным плакатам, падаў на яе ў суд, паведамляе «Холад». Мужчына працуе на расейскім тэлеканале RT.

skrinovsyannikova.jpg


У Чаромушкінскі суд Масквы 19 красавіка паступіў пазоў, які тычыцца «спрэчак, звязаных з выхаваннем дзяцей». Аўсяннікава расказала, што даведалася пра гэта ад сваіх адвакатаў. Папярэдняе паседжанне павінна прайсці заўтра, 16 траўня.
Пара ў разводзе тры з паловай гады. Марына дадала, што яе былы муж не адказвае на пытанні аб пазове. Сама яна лічыць, што «гэта інтрыгі Маргарыты Сіманьян», бо мужчына працуе на RT, якім яна кіруе.
— Мне здаецца, што ён дастаткова прыстойны чалавек, і я думала, што ён не хацеў бы прычыняць лішні стрэс нашым дзецям. Я не думаю, што гэта ягоная ініцыятыва. Напэўна, яго паставілі перад выбарам: ці мы цябе звальняем, ці ты дзейнічаеш з намі заадно, — распавяла Аўсяннікава.
Паводле яе слоў, пасля яе акцыі ёй выставілі адміністрацыйнае абвінавачанне, але праз два дні «забралі яго назад». Цяпер у яе адносінах не вядуцца ні адміністрацыйныя, ні крымінальныя вытворчасці.
Аднак журналістка атрымала штраф у 30 тысяч рублёў за заклік выходзіць на масавыя пратэсты ў відэа, якое яна запісала напярэдадні акцыі.
Нагадаем, экс-рэдактарка Марына Аўсяннікава выйшла ў прамым эфіры праграмы «Время» з плакатам «Спыніце вайну, не верце прапагандзе, вам тут хлусяць». Адразу паведамлялася, што яе павезлі ў АУС «Астанкінскі». Пасля сыходу з Першага канала яна перайшла працаваць у нямецкае выданне Die Welt.