У Судане падчас акцый пратэсту супраць перавароту загінулі 15 чалавек

Сілавікі адкрылі па дэманстрантах агонь з агнястрэльнай зброі. Таксама ўжылі слёзацечны газ.

2683355.jpg

У Судане супрацоўнікі сіл бяспекі застрэлілі не менш за 15 чалавек падчас акцый пратэсту супраць ваеннага перавароту. Дзясяткі чалавек былі параненыя. Пра гэта паведамляе korrespondent.net са спасылкай на «Reuters».

Масавыя акцыі пратэсту супраць новага рэжыму прайшлі ў сераду, 17 лістапада. Самыя шматлікія дэманстрацыі былі ў сталіцы краіны Хартуме і ў гарадах Бахр і Амдурман.

Дэманстранты былі разагнаныя з прымяненнем агнястрэльнай зброі і слёзацечнага газу. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што ўлады блакавалі мабільную сувязь.

У Цэнтральным камітэце «Суданскіх лекараў» заявілі, што многія параненыя знаходзяцца ў цяжкім стане.

Нагадаем, у Судане 25 кастрычніка быў здзейснены ваенны пераварот. Вайскоўцы арыштавалі прэм'ер-міністра краіны Абдалу Хамдуку, чацвярых міністраў, а таксама чыноўнікаў са штата Хартум. Армія блакавала ўсе ўезды ў сталіцу краіны Хартум. З-за сутыкненняў з сілавікамі ў Судане расце колькасць ахвяр сярод мірнага насельніцтва.