
Калі асуджаныя па справе 19 снежня адназначна лічацца палітвязнямі, дык у дачыненні зняволеных анархістаў меркаванні раздзяліліся — маўляў, яны наўмысна ўжывалі гвалт у
сваёй дзейнасці. Асуджаныя па справе анархістаў Мікалай Дзядок, Аляксандр Францкевіч, Ігар Аліневіч, Павал Сырамолатаў, Арцём Пракапенка і Яўген Васьковіч дагэтуль не прызнаныя вязнямі сумлення
найбуйнейшай праваабарончай арганізацыяй свету “Міжнародная Амністыя.
Уплыў гэтай арганізацыі ў наданні статуса “палітвязня вельмі значны: менавіта на меркаванне праваабаронцаў найперш арыентуюцца замежныя палітыкі, фармуючы свае патрабаванні да
беларускіх уладаў.
Пакуль “Міжнародная амністыя вызначае, ці справядліва далі 7 гадоў турмы 19-гадоваму бабруйскаму анархісту Васьковічу за нанясенне шкоды будынку КДБ памерам у 253 тысячы рублёў, у
Беларусі распачалася кампанія за прызнанне маладых людзей палітвязнямі.
Кампанія не ў сэнсе праекту нейкай палітычнай структуры, а шэраг акцый розных людзей і супольнасцяў, якія намагаюцца вярнуць добрае імя анархістам. Родзічы арыштантаў пачалі збіраць подпісы
за прызнанне юнакоў вязнямі сумлення — ужо сабрана больш за 600 подпісаў. У інтэрнэце кожны можа падпісаць петыцыю за вызваленне анархістаў, створаную паплечнікамі
па вучобе Мікалая Дзядка, студэнта Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.
Грамадскасць таксама не засталася ўбаку — удзельнікі ініцыятывы “Нельга забыць (ініцыятары штодзённай малітвы за палітвязняў ля Чырвонага касцёла
ў Мінску) перадалі ў 12 амбасадаў еўрапейскіх краін звароты з заклікам пільна паставіцца да справы анархістаў. “Мы просім вас не дзяліць нашых вязняў на “добрых і
“дрэнных, на “палітычных і “крымінальных, бо ўсе яны — змагары за Беларусь, ахвяры гэтага
рэжыму, — гаворыцца ў лісце. Аўтары звароту, сярод якіх Галіна Сіўчык, Таццяна Кім, Марына Лобава, Алена Ліхавід і яшчэ некалькі дзясяткаў малітоўцаў,
узгадваюць прыклад Міколы Аўтуховіча, які фактычна з-за абыякавасці і празмернай асцярожнасці палітыкаў патрапіў у турму: “Калі будзе лічыцца, што адныя павінны быць вызваленыя ў
першую чаргу, а іншыя — у другую, дык хлопцы па справе анархістаў будуць адбываць увесь тэрмін зняволення. А мы ўсе будзем адчуваць віну перад імі, як адчуваем віну
перад Аўтуховічам, якога не толькі не падтрымалі, а ледзь не самі аддалі ў рукі лукашэнкаўскіх катаў з-за недаверу і страху быць запэцканым у крымінале.
Сярод палітыкаў найбольш прынцыповую пазіцыю датычна анархістаў заняў Анатоль Лябедзька, старшыня “Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Гэта і не
дзіўна — Лябедзька нейкі час сядзеў у адной камеры “амерыканкі з Ігарам Аліневічам, які зараз адбывае 8-гадовае пакаранне ў калоніі. Анатоль
Лябедзька публічна заявіў пра палітычны падмурак справы анархістаў падчас нядаўняй вандроўкі ў Вашынгтон, дзе агучыў імёны анархістаў сярод іншых беларускіх палітвязняў.
Парадаксальнае тое, што беларускія ўлады даўно ўскосна прыраўнялі анархістаў да іншых палітвязняў праз прапанову напісаць прашэнні аб памілаванні. Калі ж іх прызнала палітвязнямі дыктатура, дык чаго
чакаюць дэмакраты?