У КДБ адрэагавалі на скаргу фігуранта «справы Белага легіёну»

18 чалавек працягваюць утрымліваць у ізалятары КДБ (так званая «Амэрыканка») і ў СІЗА на Валадарскага паводле справы «Белага легіёну», аднак часам затрыманых з невядомых прычынаў пераводзяць з адной вязніцы ў другую. 

4bdf8169_3aff_42eb_85ab_3c16dfcf4739_cx0_cy5_cw0_w1023_r1_s.jpg


Пра гэта паведаміла старшыня рады «Бацькаўшчыны» Ніна Шыдлоўская.
«Стала вядома, што днямі з «Валадаркі» перавялі ў «Амерыканку» Уладзіміра Фёдарава і Андрэя Бяляўскага. Чаму — невядома. Цяпер ім трэба пісаць лісты па адрасе Галоўпаштамт, а-я 8, як і іншым, каго трымаюць у КДБ. Гэта інфармацыя паводле стану на 5 траўня».
Паводле Ніны Шыдлоўскай, у ліставанні вязняў ізалятару КДБ са сваякамі часта ўзнікаюць праблемы.
«Па-рознаму адбываецца. Адзін з вязняў, не буду называць прозьвішча, напісаў на супрацоўнікаў КДБ скаргу, што яму не даходзяць лісты, хаця ён дакладна ведае, што яму пішуць. Дык прынеслі цэлы стос лістоў, прычым там былі некалькі не ягоных. Відаць, было б добра, каб усе гэтак скардзіліся, бо шмат у каго праблемы. Прыкладам, паводле звестак ад Міраслава Лазоўскага, яму не даходзяць лісты не ад блізкіх сваякоў. Не атрымаў лісты ад калегаў, з якімі разам працаваў, ад некаторых сяброў.
Тое самае з Андрэем Дундуковым. Жонка яму піша штовечар, а ён у адказ піша, што нічога ад яе няма. Да некаторых лісты ад сяброў пачалі прапускаць, як да Віктара Данілава, але таксама чамусці з выключэннямі. Прыкладам, мне ад яго прыйшла паштоўка, і з яе бачна, што гэта не адказ на мой ліст з віншаваньнямі яго на дзень народзінаў. То бок усё роўна яны працягваюць нейкую фільтрацыю».
Ніна Шыдлоўская мяркуе, што фігурантам справы «Белага легіёну» цяпер вельмі патрэбная падтрымка і заклікае дасылаць ім лісты ў «Амерыканку» ды ў мінскі следчы ізалятар па адрасе вуліца Валадарскага, 2.
Напярэдадні 25 сакавіка па Беларусі пракацілася хваля арыштаў былых сябраў незарэгістраванай арганізацыі «Белы легіён», а таксама сябраў патрыятычнага клубу «Патрыёт» у Бабруйску ды грамадскіх актывістаў. Усяго было затрымана больш за 20 чалавек, якіх спачатку абвінавацілі ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў. Пазней частку затрыманых вызвалілі, у тым ліку пад падпіску пра нявыезд.
Цяпер пад вартай застаецца 18 чалавек. Грамадскім актывістам вядома, што 16 з 18 затрыманых таксама абвінавачаныя ва ўдзеле ў незаконным ваенным фармаванні. «Паводле нашых звестак, абвінавачанне ва ўдзеле ў незаконным ваенным фармаванні не выстаўленае толькі Мікалаю Міхалькову і Сяргею Кунцэвічу. Астатнім — і тое, і тое. Толькі няма дакладных звестак па ўсіх, калі гэта адбылося. Вось Міраславу Лазоўскаму толькі нядаўна выставілі другое абвінавачанне», — паведаміла Ніна Шыдлоўская.
Паводле svaboda.org