У Мінску адбылася дэманстрацыя стужкі “Цівалі”

Дакументальна-публіцыстычны фільм тэлеканалу “Белсат “Цівалі (рэжысёр Галіна Самойлава, аўтары сцэнару Сяргей Законнікаў і Галіна Самойлава) распавядае пра расстрэлы ў Мінску беларускіх чыгуначнікаў, якія адмовіліся адпраўляць у ГУЛАГ эшалоны з рэпрэсаванымі ў 1938 годзе. 24 кастрычніка ў Мінску ў межах пасяджэнняў дыскусійнага кінаклубу “Невядомая Беларусь адбылася дэманстрацыя і абмеркаванне фільму.



civali_3.jpg

У здымках фільму “Цівалі ўдзельнічалі Сяргей Законнікаў, Ігар Кузняцоў, кнігавыдавец Віктар Хурсік, сваякі ахвяраў, сведкі падзей і супрацоўнікі музеяў.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы паэт Сяргей Законнікаў распавёў, што ў пачатку 1990‑х гадоў яму стала вядома пра трагедыю ў вёсцы Цівалі, што цяпер уваходзіць у рысу Мінска (раён кінатэатра “Аўрора на вуліцы Прытыцкага). Паводле яго слоў, у 1938 годзе па загадзе сталінскага наркама шляхоў зносін Лазара Кагановіча “за сабатаж — адмову адпраўляць эшалоны дэпартаваных у Сібір і Запаляр’е — былі расстраляны каля 300 беларускіх чыгуначнікаў з розных гарадоў.

cjargej_zakonn_ka_.jpg

Каб схаваць злачынства, іх целы былі закапаны ў жывёльным могільніку ў Цівалях. Па санітарных нормах, такія могільнікі нельга раскопваць на працягу 100 гадоў. Аднак у 1961 годзе ў сувязі з пашырэннем сталіцы ў раёне Цівалёў пачалося будаўніцтва, і могільнік планавалася знішчыць. Вайскоўцы Беларускага палка Міністэрства ўнутраных спраў БССР раскрылі могільнік, і сярод касцей жывёл знайшлі прастрэленыя чарапы людзей і іх парэшткі, скручаныя калючым дротам. Па загадзе зверху парэшткі людзей і жывёл былі спаленыя напалмам і пахаваныя ў лесе каля дарогі на Ракаў.

c_val_4.jpg

“Пра гэтую трагедыю беларускага народа ў перыяд сталінізму я і напісаў у сваёй паэме “Цівалі, створанай у 1994 годзе і перакладзенай на многія замежныя мовы, — распавёў паэт Сяргей Законнікаў. Ён выказаў удзячнасць польскаму літаратару, перакладчыку і папулярызатару беларускай паэзіі Чэславу Сенюху, які нядаўна зрабіў пераклад гэтай паэмы на польскую мову.

Гісторык Ігар Кузняцоў нагадаў, што Беларусь перажыла тры хвалі дэпартацыі насельніцтва: першая звязана з правядзеннем калектывізацыі ў 1929–1932 гадах, другая — з пікам сталінскага тэрору ў 1937–1938 гадах і трэцяя — пасля так званага вызвольнага паходу Чырвонай Арміі ў заходнія рэгіёны БССР і УССР падчас пачатку Другой сусветнай вайны ў верасні 1939 года. Пры гэтым даследчык звярнуў увагу на тое, што Беларусь — адзіная постсавецкая краіна, дзе да гэтага часу адсутнічае афіцыйная статыстыка палітычных рэпрэсій. “І дзяржава ніяк не займаецца вырашэннем праблемы ўстанаўлення імёнаў ахвяраў сталінізму, іх перапахавання і ўшанавання памяці забітых. Нават 52 асобны пошукавы батальён упраўлення ўвекавечвання памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў Міністэрства абароны не вядзе працу на месцах масавых расстрэлаў і пахаванняў бязвінных людзей, забітых нкусаўцамі ў савецкія часы. Вось чаму і зараз немажліва сказаць, дзе дакладна ляжыць той ці іншы з ахвяраў сталінізму, — падкрэсліў гісторык. Разам з тым, паводле ягоных слоў, у кнігах серыі “Памяць сярод спісаў рэабілітаваных палітрэпрэсаваных сустракаюцца прозвішчы беларускіх чыгуначнікаў розных прафесій, забітых у Мінску ў 1938 годзе.

c_val_7.jpg